У Магілёве на замкавай гары ўсталявалі бронзавую скульптуру з выявай умацаванага дзядзінца пачатку 17 стагодзьдзя.
Магілёўскі замак да нашых дзён не дайшоў. Скульптар Андрэй Верабʼёў зрабіў замак у мініятуры паводле інвэнтарных зьвестак, якія захаваліся ў архівах і музэях. Ён кажа, што на скульптуры зафіксавана раніца 4 жніўня 1604 году. Тэрыторыя замка абнесеная ўмацаванымі сьценамі зь сямю вежамі. На дзядзінцы царква, дом кашталяна, стайні, казармы, жылыя дамы.
«Гэтая скульптура — вобраз гораду 17 стагодзьдзя, і яна стане пунктам, ад якога можна распачынаць экскурсіі. Гід можа паказаць, якім быў магілёўскі замак і як ён быў тут разьмешчаны. Я рады, што чарговы раз спрычыніўся да стварэньня мясцовай цікавосткі», — сказаў Свабодзе Андрэй Верабʼёў.
Магілёўская журналістка Алена Барысава, якая прапанавала ўсталяваць памятны знак на замкавай гары, спадзяецца, што падобныя скульптуры зьявяцца і ў іншых мясьцінах гораду, якія адметныя сваёй гісторыяй.
«Там трэба ўсталяваць макеты зьнішчаных славутасьцяў, — сказала яна. — Усталяваная ж скульптура — першая з грамадзкага праекту «Час зьбіраць камяні».
Рупліўцы мясцовай даўніны спадзяюцца, што падчас рэканструкцыі парку на замкавай гары мясцовая ўлада дазволіць пазначыць межы сярэднявечнага дзядзінца. Паводле Алены Барысавай, папярэдняя згода ёсьць. Таксама яны прапануюць усталяваць на замчышчы помнік Машэку — герою легенды пра паходжаньне гораду, а таксама памятны знак Янку Купалу — аўтару паэмы «Магіла льва».