У Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 Менску на выбарчыя ўчасткі прыйшлі два чалавекі, апранутыя як пэрсанажы «Зорных войнаў»: Дарт Вэйдэр і імпэрскі штурмавік.
Відэа Дарта Вэйдэра, які прыйшоў на 634 выбарчы ўчастак, апублікаваў кандыдат у дэпутаты Юрась Губарэвіч.
Як можна пабачыць на відэа, пэрсанажа «Зорных войнаў» спачатку не хацелі пускаць галасаваць, але калі ён зьняў маску, камісія яго прапусьціла.
Акрамя таго, у Фэйсбуку зьявілася фота выбарніка, апранутага як імпэрскі штурмавік. Паводле інфармацыі Юрася Губарэвіча, штурмавік таксама галасаваў па ягонай акрузе.
У камэнтары Свабодзе Юрась Губарэвіч сказаў, што ня мае дачыненьня да гэтых пэрформансаў і ня ведае, хто гэта можа быць.
«Цяжка сказаць. Можа нехта са студэнтаў такі пэрформанс падрыхтаваў. Але гэта не была сплянаваная намі акцыя», — кажа ён.
Як стала вядома пазьней, героі «Зорных войнаў» на выбарчых участках — гэта пераапранутыя журналісты Tut.by. Таксама ў пэрфомансе выкарыстоўваўся касьцюм ружовай пантэры і Чубакі.