У Горадні забаранілі пікеты за адстаўку прэзыдэнта і ўраду

Аляксандра Васілевіч і Ежы Грыгенча

Заяўкі на правядзеньне пікетаў падавалі старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Аляксандра Васілевіч і старшыня Гарадзенскай гарадзкой структуры партыі Ежы Грыгенча.

Паводле Грыгенчы, мэтай пікетаў было растлумачыць гарадзенцам віну ўраду і прэзыдэнта ў дэвальвацыі нацыянальнай валюты, а таксама патрабаваць іх адстаўкі.

У пісьмовым адказе гарадзкія ўлады спасылаюцца на тое, што заяўнікі нібыта не прадставілі заключаныя з гарадзкімі службамі дамовы на забесьпячэньне грамадзкага парадку, мэдыцынскага абслугоўваньня і прыбіраньня тэрыторыі падчас правядзеньня пікетаў.

У сваю чаргу, Ежы Грыгенча сьцьвярджае, што заяўнікі прасілі гарвыканкам дапамагчы ў заключэньні такіх пагадненьняў і прыклалі да заяваў пісьмовыя абавязаньні па аплаце адпаведных паслугаў:

«Фармулёўка на адмову пікетаў у іх стандартная. Улады папросту баяцца, каб людзі ня ведалі рэальнай сытуацыі ў краіне, каб, ня дай Бог, не пачулі думку не такую, як гавораць у тэлевізары», — перакананы Грыгенча.