У Горадні з замка Вітаўта зробяць палац Баторыя

Макет замкавага палаца Стэфана Баторыя ў Горадні (з экспазыцыі ў Мірскім замку)

Стары замак у Горадні ніколі ня будзе ранейшым. І ніколі ня стане такім, якім яго пабудаваў некалі вялікі князь Вітаўт.

Стары замак у Горадні ніколі ня будзе ранейшым. І ніколі ня стане такім, якім яго пабудаваў некалі вялікі князь Вітаўт.

Вядомая выява ягонага сярэднявечнага выгляду — насамрэч рэканструкцыя. Такім замак Вітаўта ніхто ня ведаў. Але сёньня яго новазбудаваны макет у зьменшаным памеры можна ўбачыць у гарадзкім парку каралеўскіх часоў.

Трэба сказаць, што выява такой цьвержы трапіла на этыкеткі гарэлкі, якую выпускаюць у іншых абласьцях Беларусі. У Горадні на гэта глядзелі скрозь пальцы — і адказалі выпускам моцнага напою «Князь Вітаўт».

Сёньня замак рыхтуюць да перабудовы ў рэзыдэнцыю караля Стэфана Баторыя. Да апошняга часу гарадзенцы з пэўнай рэўнасьцю ўспаміналі, што сапраўдную строгую сярэднявечную цьвержу (якой яна выглядае на малюнку-рэканструкцыі) кароль перарабіў на палац у архітэктурна збыткоўным стылі, характэрным для другой паловы ХVІ стагодзьдзя. Крышку пампэзны. З выгляду не гарадзенскі.

Аднак цяпер пачынаюць меркаваць, што Вітаўт пасьля пажару драўлянага замка змураваў толькі сьцены і вежы. А сам палац з нуля пабудаваў значна пазьней менавіта Баторы. Ці гэта так, пакажа далейшы час, калі палац пачнуць «распранаць» ад тынку і наслаеньняў цэглы.

Зьменшаная копія Старога замку, збудаваная паводле рэканструкцыі ў парку імя Жылібэра ў Горадні

Сёньня гэта зрабілі ўжо з уязной брамай і памяшканьнямі пры ёй і зьверху. Калі зьнялі тынк, убачылі лядашчыя месцы, цэглу розных гатункаў і часоў. Выявілася, што сьцены часоў караля Стэфана Баторыя схаваныя пад мноствам пазьнейшых наслаеньняў. Вельмі відавочная розьніца паміж тым, што будавалі пры Вітаўту (частка сьцен таксама знойдзена), потым пры Баторыі, і пазьнейшымі наслаеньнямі ХVІІ-га і двух наступных стагодзьдзяў.

У першай палове ХІХ стагодзьдзя ў Старым замку заставаліся гарадзкія ўстановы. Гродзкі і земскі суды, канцылярыя, архіў, гарадзкі арсэнал. Дах быў высокі, крыты дахоўкай, як у ХVІІІ стагодзьдзі. А на пазьнейшых малюнках дах ужо нізкі, як цяпер, і пакрыты бляхай. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя царскія ўлады капітальна рамантавалі замак, прыстасоўвалі для патрэбаў ваеннага ведамства. Галоўным было максымальна ўмацаваць яго, каб быў надзейны, каб не развальваўся, кажуць гісторыкі. Апошняя перабудова была ў 1902 годзе, пры Мікалаю ІІ. Такім чынам, у сваім сёньняшнім выглядзе замак існуе крыху больш за сто год.

Унутраная (вітая) лесьвіца ў замкавай сьцяне

За ўязной брамай, у памяшканьнях, карціна яшчэ больш гнятлівая. Не ўмацаваўшы старыя сьцены, паўзьверх клалі новую цэглу. Нават муры часоў Баторыя, калі якасьць пабудовы магла быць лепшая, сёньня ў дрэнным стане. Вялікае ўражаньне зрабіла тое, што пад савецкай сьцяжкай быў вялікі слой сьмецьця, потым падлога з цэглы, а ніжэй — яшчэ ранейшая, часоў караля. Карацей кажучы, рамантавалі замак абы-як, быццам шабашнікі кароўнік чым хутчэй ставілі. Не было на іх Стэфана Баторыя.

На замку капалі шахту, каб вывучыць грунт

Сёньня нам абяцаюць, што зробяць ня горш, чым пры ім, а нават лепш. І што замкавы палац стане надзвычайным месцам для турыстаў, бо пабудовы ў такім стылі больш у Беларусі ня будзе. Надзею на гэта дае тое, што гарадзенскі Стары замак упісаны ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі», а гэта азначае грошы. Ва ўсякім разе, на ўязную браму ўлады абяцаюць іх знайсьці.

Пакуль што Стары замак — нешта накшталт палімпсэсту: мешаніна, урыўкі тэкстаў. Адзінага, сапраўднага, першапачатковага пакуль не знайшлі.

Рэшткі замкавай сьцяны з боку Нёмана