20 сьнежня грамадзкія актывісты Гомеля наведалі на Рандоўскіх могілках магілу грамадзкага актывіста, рэгіянальнага лідэра моладзевага руху супраціву «Зубар» Андрэя Зайцава. Акурат у такі ж дзень пятнаццаць гадоў таму яго ня стала.
Андрэя знайшлі дома павешаным на спартовай перакладзіне, дзе ён звычайна займаўся фізкультурай. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён скончыў жыцьцё самагубствам. Аднак актывіст пакінуў перадсьмяротную запіску, у якой паведаміў, што ў ягонай сьмерці вінаватыя супрацоўнікі КДБ.
У перадсьмяротнай заяве на адрас Беларускага Хэльсынскага камітэту Андрэй паведаміў пра абставіны вэрбаваньня яго супрацоўнікам КДБ у якасьці сакрэтнага дастаўцы інфармацыі пра дзейнасьць грамадзка-палітычных структураў, у тым ліку тагачасных арганізацыяў «Гарт», «Грамадзянскія ініцыятывы» ды некаторых іншых. Засталася і касэта з запісам тэлефоннай размовы Андрэя з супрацоўнікам Гомельскай абласной управы КГБ Алесем Еўсьцігнеевым — тэлефонную размову Зайцаў запісаў разам з адным са сваіх сяброў на магнітафон:
Андрэй: Я проста кажу апошні раз, калі захочаце са мною сустрэцца, толькі праз позвачку, праз ваша аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Афіцыйна.
Супрацоўнік: Абавязкова. А чаго гэта ты так? Кансультаваўся з кім-небудзь?
Андрэй: Ды не, не кансультаваўся. Проста мне ўжо ўсё надакучыла. Я не хачу здаваць сваіх!
Супрацоўнік: Ня хочаш здаваць сваіх? А ты хіба кагосьці здаваў?
Андрэй: Не! І не хачу!
Супрацоўнік: А ты хочаш, каб я цябе здаў?
Андрэй: Каму?
Супрацоўнік: Ах, ты бачыш, сьмелым стаў і дужым. Ну, добра, сьмелы дык сьмелы...
Запісаная размова была перапоўненая абразамі, нецэнзуршчынай, шантажом.
У Гомельскай управе КДБ адмаўлялі наяўнасьць супрацоўніка з прозьвішчам Еўсьцігнееў, хоць нумар тэлефону, які згадваў Зайцаў, ва ўправе быў.
На запыт адваката з прадпрыемства «Гомельаблтэлекам» паступіў афіцыйны адказ пра гаспадара пэйджэра, на які мусіў скідваць паведамленьні Андрэй: «Абанэнцкі № 215862 пэйджынгавай сеткі РУП „Гомельаблтэлекам“ зарэгістраваны за Ястрэмскім А.І.». Такі супрацоўнік служыў у адным з падразьдзяленьняў Гомельскай управы КДБ.
Спроба бацькі Андрэя, Юрыя Зайцава, распачаць крымінальную справу пра давядзеньне сына да самагубства супрацоўнікам КДБ посьпеху ня мела.
На Рандоўскія могілках, дзе пахаваны лідэр моладзевага руху «Зубар», гомельскія дэмакратычныя актывісты прыехалі зь вянком і надпісам на жалобнай стужцы: «Андрэю Зайцаву — беларускаму „Зубру“. Памятаем, смуткуем».
Уладзімер Кацора як найстарэйшы палітык і грамадзкі актывіст публічна папрасіў прабачэньня ў Зайцава, што дэмакратычная супольнасьць ня здолела прадухіліць трагічную разьвязку падзеяў:
Прыйдзе час, і людзі, празь якіх Андрэй Зайцаў пайшоў з жыцьця, панясуць адказнасьць
«Гісторыя гэтай трагедыі, я думаю, захоўваецца ў архіве Гомельскага УКДБ. Прыйдзе час, і людзі, празь якіх Андрэй Зайцаў пайшоў з жыцьця, панясуць адказнасьць. Хоць бы і маральную. Невядома дакладна, было гэта самагубства ці Андрэю нейкім чынам дапамаглі. Для моладзі характэрны парыў, рамантычнае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Нельга сказаць, што моладзевая арганізацыя „Зубар“ была радыкальнай, але яна была ўплывовай арганізацыяй у асяродку моладзі, таму КДБ яе пільнаваў, шантажаваў актывістаў. Андрэй быў адным зь першых, хто гэтаму супраціўляўся, і публічна расказаў сябрам пра вэрбаваньне».
Прамоўца згадаў таксама і пра гомельскага маладзёна Ўлада Міхайлава, які апынуўся на вучобе ў Польшчы ў межах «праграмы Каліноўскага». Неўзабаве ён прызнаўся польскім СМІ, што быў завэрбаваны КДБ для сачэньня за іншымі студэнтамі-каліноўцамі. У яго была нават сакрэтная мянушка: агент «Вектар». Улад публічна папрасіў прабачэньня ў сваіх сакурсьнікаў, кінуў вучобу ды вярнуўся ў Беларусь, дзе патрапіў у псыхіятрычны шпіталь.
Андрэй Толчын, былы прыяцель гомельскага «зубра», які спрычыніўся да запісу ягонай тэлефоннай размовы з супрацоўнікам КДБ, адзначыў у прамове, што трагедыі папярэднічаў выклік Андрэя ў Гомельскі ваенкамат:
«Дзьверы замкнулі на ключ, і супрацоўнік КДБ даводзіў яму, што калі не пагодзіцца супрацоўнічаць, то будуць праблемы ня толькі ў самога, але і ў маці, і ў брата. Я схіляюся да думкі, што Зайцаву дапамаглі разьвітацца з жыцьцём, бо пасьля ягонай сьмерці не вялося скрупулёзных сьледчых дзеяньняў. Ва ўсякім разе, не апыталі ўсіх тых, хто яго добра ведаў. Улада палохалася такіх людзей, палохалася іх самастойнасьці, ініцыятывы. Такім чынам тапталі дух свабоды, дух незалежнасьці, які несьлі ў сабе такія маладыя актывісты, як Андрэй Зайцаў».
Гомельскаму актывісту «Зубра» на дзень сьмерці было ўсяго толькі дваццаць чатыры гады — Андрэй нарадзіўся 12 кастрычніка 1977 году.