Гомельскія ўлады забаранілі карыстацца дачнымі ўчасткамі на ўскраіне гораду былым чыгуначнікам, абяцаюць прыслаць бульдозэр. Дачнікі пратэстуюць.
Вольны лапік зямлі ўзьнік на ўсходняй ускраіне Гомеля пасьля пракладкі чыгуначных шляхоў у бок станцыяў «Бярозкі», «Іпуць», «Навабеліцкая». Зямлі той у трохкутніку менш за гектар, сотак каля васьмідзесяці. Давалася яна Гомельскаму аддзяленьню Беларускай чыгункі дзеля абслугоўваньня шляхоў. Чыгуначныя палотны адпаведныя службы дбайна абсадзілі дрэвамі, утварыўшы як бы аазіс, абаронены ад вятроў.
Паблізу гэтага лапіка зямлі — баракі чыгуначнікаў і колішняя цэнтральная рамонтная база ўправы мэханізацыі «Белтрансбуду», аднаго з падразьдзяленьняў Беларускай чыгункі. Тут пераважна й працавалі цяперашнія агароднікі.
Каля паўстагодзьдзя таму кіраўніцтва рэгіянальнага аддзяленьня чыгункі надзяліла-ўзнагародзіла за добрую працу трыма соткамі зямлі ў трохкутніку сваіх 23 працаўнікоў, каб тыя мелі магчымасьць займацца агародніцтвам.
Працаўнікі чыгункі ўзяліся абрабляць няўдобіцу. Пасадзілі пладовыя дрэвы, ягадныя кустарнікі ды іншае. Ну, а вясною сеялі гуркі, памідоры, кабачкі, капусту.
«Мне ўжо 83 гады, — кажа вэтэран працы, былы слесар-чыгуначнік Віктар Дзямʼянчык. — Мы ж не самавольна захапілі гэты ўчастак, нас заахвоцілі гэтымі трыма соткамі, а цяпер адбіраюць. Калі трэба нешта аформіць ці перааформіць, давайце. Але ж навошта нас адсюль выганяць? Хіба ж можна цяпер на 2–3 мільёны рублёў пэнсіі ці заробку пражыць? Тут хоць гурка ці ягаду вырасьціш — усё падмога. Не разумею, Майдан другі рыхтуюць, адбіраючы ў бедных людзей гэтыя кавалачкі зямлі? Я запісаўся на прыём да старшыні райвыканкаму на 19 кастрычніка, а нас ужо хочуць 10 кастрычніка згрэбці і выкінуць».
Жонка вэтэрана працы спадарыня Лідзія мяркуе:
Хіба ж можна цяпер на 2–3 мільёны рублёў пэнсіі ці заробку пражыць? Тут хоць гурка ці ягаду вырасьціш — усё падмога
«Мусіць, за гэты куток ужо каньяк выпілі і аванс атрымалі. Хадзілі тут двое з папкамі, казалі, што пчольнік паставяць, гадавальнік зробяць. А нам, старым, куды? Агарод гэты як таблетка: пасадзіш, вырасьціш — усё лацьвей. Бо лекі ж цяпер такія даражэнныя, што не дакупіцца. А сюды прыйдзеш, пакорпаесься — і таблетак ужо тых ня трэба».
Агароднікі распавядаюць, што сярод іх ёсьць і шматдзетныя семʼі, якія са свайго лапіка зямлі жывуць усё лета. Больш за тое, Гомельскае аддзяленьне чыгункі ня супраць было перадаць гэты трохкутнік Гомельскаму райвыканкаму для выкарыстаньня менавіта пад агароды. Пра гэта, у прыватнасьці, паведамляў мясцовым жыхарам у лісьце ад 27 ліпеня намесьнік начальніка РУП «Гомельскае аддзяленьне Беларускай чыгункі» Валер Каймовіч, дадаўшы, што карыстацца зямлёю можна ў трохкутніку «без забудовы, пры безумоўным гарантаваньні бясьпекі руху цягнікоў, захаваньні інжынэрных камунікацыяў». Але нечакана ўсё рэзка памянялася.
Той жа Каймовіч ды іншыя службы празь некаторы час даводзілі агароднікам, што ўчастак у трохкутніку выдзелены і зарэгістраваны ў рэестры дзеля «ўтрыманьня і абслугоўваньня паласы адводу чыгункі» і, паводле ўказу прэзыдэнта ад 11.12.2009 году, ня можа выкарыстоўвацца для іншых мэтаў, апроч як па прызначэньні. Больш за тое, ёсьць патрабаваньне Гомельскага райвыканкаму прывесьці ўчастак у адпаведнасьць з прызначэньнем:
«Паведамляем, што пасьля збору ўраджаю высаджаных культур у тэрмін да 17 кастрычніка ўчастак будзе рэкультываваны (агароды зьнесены) з прымяненьнем гусенічнай тэхнікі, далейшае выкарыстаньне яго пад агародніцтва забараняецца».
Пры канцы верасьня на зварот агароднікаў адказаў кіраўнік спраў Гомельскага райвыканкаму Аляксандар Ткачоў:
«Паводле падпункту 1.2 пункту 1 Указу Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 667 ад 27.12. 2007 году „Аб выманьні і прадстаўленьні зямельных участкаў“ выманьне і прадстаўленьне зямельных участкаў для агародніцтва альбо вядзеньня асабістай падсобнай гаспадаркі ажыцьцяўляецца сельскім выканаўчым камітэтам толькі зь земляў у межах сельскага населенага пункту. Паколькі апрацаваныя вамі ўчасткі месьцяцца за межамі населенага пункту, выдзеліць іх для агародніцтва альбо вядзеньня асабістай падсобнай гаспадаркі не ўяўляецца магчымым».
Раённы чыноўнік адпраўляе былых чыгуначнікаў ва Ўлукаўскі сельскі савет, каб той пашукаў ім зямлю ў іншым месцы.
«Мы тут сабралі подпісы пад скаргай да Аляксандра Лукашэнкі, —— кажа былая працаўніца чыгункі Ніна Сердзюкова. — Ён жа зямлю любіць, можа, і нам дапаможа, каб не выганялі нас з гэтага лапіка зямлі».