У Гомелі на выбары заваблівалі кашамі і бясплатным замерам ціску крыві

На выбарчыя ўчасткі трох гомельскіх акругаў — Навабеліцкай, Савецкай, Цэнтральнай — у асноўны дзень выбараў галасаваць прыходзілі пераважна людзі сталага ўзросту.

Адна зь іх, Ганна, апавяла Свабодзе на выхадзе з участку № 9 Гомельскай-Навабеліцкай акругі, што ў сярэдняй школе № 2:

«У нашай акрузе ажно чатыры кандыдаты, але я галасавала супраць усіх. Мне як інваліду другой групы бліжэйшая адна з кандыдатак, якая па прафэсіі мэдык. Яна ўжо чатыры гады была дэпутатам, але інвалідам лепей ня стала: чэргі ў паліклініках толькі растуць. Людзі чакаюць, нэрвуюцца, абураюцца. Паадбіралі ўсе льготы, якія былі — нават на лекі. Выбачайце, але скажу яшчэ й пра мэркантыльную сытуацыю. Пайшла я прадаць з гароду кіляграмы тры памідораў, дык абабралі як ліпку. Трыццаць тысяч узялі за месца на рынку, і кілё памідораў давялося аддаць на праверку. Дык за што і за каго мне тут галасаваць?»

На ўчастку зарэгістравана 2180 выбарцаў. Датэрмінова, як пазначана ў пратаколе, прагаласавалі 628.

Замер ціску

У школе, дзе месьціцца ўчастак для галасаваньня, быў разгорнуты гандаль дзіцячымі малочнымі сумесямі ды кашамі, прадуктамі харчаваньня. Таварыства «Чырвонага крыжа» арганізавала пункт замеру крывянога ціску.

Выбарчы ўчастак № 8 побач — у дзіцяча-юнацкай спартовай школе алімпійскага рэзэрву. Тут сьпявае запрошаны для падняцьця настрою хор пад акампанэмэнт баяніста.

У вузкім калідоры, што вядзе на ўчастак, дзяжурыў капітан міліцыі і тут жа папярэджваў:

«Фатаграфаваць нельга. Буфэт — можна, а ўчастак для галасаваньня —нельга».

Пакупнікоў, як і выбарцаў, небагата

Паводле зьвестак камісіі, у датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел 539 чалавек з 1950, якія занесеныя ў сьпіс выбарцаў на ўчастку № 8. Гэта 29,6% ад агульнай колькасьці.

Вялікага наплыву выбарцаў на ўчастку няма. Заходзяць зрэдку па адным, па двое. І зноў-такі гэта пераважна людзі сталага веку.

Савецкі раён, участак № 1. Кожнаму выбарцу рады

На ўчастак № 1 Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі № 34 адна жанчына прыйшла галасаваць з маленькім сабачкам.

«Можна мне з сабачкам?» — пытаецца.

Камісія рада кожнаму выбарцу. Адказваюць: «Заходзьце, заходзьце».

Затое ў карэспандэнта БелПАНу старшыня ўчастковай камісіі Мікалай Заглыбоцкі патрабаваў акрэдытацыі. Якой акрэдытацыі і дзе яна даецца, патлумачыць ня змог.

«Спэцыяльны такі дакумэнт патрэбен, дазвольны дакумэнт ад інфармацыйнай кампаніі на ўдзел у выбарах», — спрабаваў тлумачыць Заглыбоцкі.

Парада зьвязацца з акруговай камісіяй падзейнічала. Відаць, патлумачылі старшыні, што «спэцыяльнага дазвольнага дакумэнта» акурат і не патрабуецца, калі ёсьць пасьведчаньне.

На ўчастку № 1 у першай палове дня прагаласавалі 171 чалавек, а з улікам датэрміновага галасаваньня — 922. Гэта 36,8% ад агульнай колькасьці выбарцаў.

Цэнтральны раён. Канцэрт каля выбарчага ўчастку № 6