Самалёт расейскай авікампаніі «Кагалымавія» зьнік з радараў неўзабаве пасьля вылету з Шарм-эш-Шэйху сёньня раніцай.
Мясцовыя СМІ передаюць, што ён разьбіўся на Сынайскай паўвысьпе ў Эгіпце.
Інфармацыю пра крушэньне пацьвердзілі ў офісе прэм’ер-міністра Эгіпту.
На борце знаходзіліся 224 чалавекі, у тым ліку 217 пасажыраў — усе расейскіх грамадзяне.
Паводле сайту Flightradar24, які адсочвае палёты самалётаў па ўсім сьвеце, лайнэр рэзка зьнізіўся на 1,5 кілямэтра, пасьля чаго зьнік з радараў.
13:30 Ратавальнікі чуюць галасы людзей з-пад абломкаў
Са спасылкай на прадстаўнікоў эгіпецкай службы ратаваньня, «РИА Новости» паведамляе, што з-пад абломкаў самалёта чуваць галасы людзей.
«Каманда ратавальнікаў спрабуе дабрацца да сэкцыі самалёта, дзе ёсьць пасажыры, мы спадзяёмся знайсьці жывых пасьля таго, як пачулі галасы», — паведаміў Reuters прадстаўнік ратавальных службаў.
Ратавальнікі ўжо знайшлі месца крушэньня самалёта й пачалі зьбіраць целы загінулых людзей. Авіяляйнэр цалкам разбураны.
Тым часам апублікаваны сьпіс усіх пасажыраў рэйсу Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург. Гэта 217 чалавек, сярод якіх 17 дзяцей, і 7 членаў экіпажу. Папярэдне паведамляецца, што гэтым рэйсам ляцелі толькі грамадзяне Расеі.
Паводле слоў ратавальнікаў, яны спрабуюць трапіць да сэкцыі самалёта, усярэдзіне якой знаходзяцца пасажыры.
Сваякі пасажыраў прыяжджаюць у пецярбурскі аэрапорт «Пулкава»
Камандзір самалёта за тыдзень некалькі разоў дакладваў пра непаладкі з рухавіком
Камандзір экіпажу самалёта «Кагалымавія», што разьбіўся ў Эгіпце, пасьля вылету дакладваў пра тэхнічную няспраўнасьць і рабіў запыт на зьмену маршруту. Таксама ён цягам тыдня некалькі разоў скардзіўся на непаладкі з рухавіком.
Пра эта піша «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў Шарм-эш-Шэйху.
Таксама стала вядома, што перад вылетам самалёт даглядалі не эгіпецкія інжынэры, а расейскія. Авіякампанія «Кагалымавія» мае свой тэхнічны пэрсанал, што абслугоўвае лётны парк.
Гэта ня першая здарэньне з самалётамі «Кагалымавія». У 2010 годзе ў аэрапорце Мэшхед у Іране адбылася грубая пасадка самалёту, у выніку якой было зламанае шасі і адарвана хваставое апярэньне. 40 чалавек атрымалі траўмы.
У 2011 на самалёце «Кагалымавія» ў аэрапорце Сургутау ўсчаўся пажар. Загінулі тры пасажыры.
Беларусаў заклікаюць прыносіць кветкі да пасольтва РФ ці помнікаў Пушкіну
У сувязі з крушэньнем авіяляйнэра ў Эгіпце 1 лістапада ў Расеі — дзень жалобы.
У сацыяльных сетках беларусаў заклікаюць прыносіць сёньня кветкі да расейскага пасольства ці помнікаў Пушкіну.
На дадзены момант афіцыйна не пацьверджана, ці нехта з пасажыраў выжыў у авіякатастрофе, што здарылася ў Эгіпце ў суботу раніцай. Паводле апошняй інфармацыі, знойдзеныя целы каля 100 чалавек.
Самалёт Airbus авіякампаіі «Кагалымавія» выконваў рэйс Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург раніцай 31 кастрычніка. Праз 23 хвіліны пасьля вылету з самалётам была згублена сувязь і ён зьнік з радараў. У хуткім часе было пацьверджана яго крушэньне на Сынайскай паўвысьпе ў Эгіпце. На борце знаходзіліся 200 дарослых пасажыраў, 17 дзяцей, 7 членаў экіпажу. Усе — грамадзяне Расеі. Прычынай авіякатастрофы папяэднне называюцца тэхнічныя няспраўнасьці. Вядома, што цягам тыдня пілот паведамляў пра непаладкі з рухавіком. Пасьля вылету ён таксама запытваў экстранную пасадку, але потым перастаў выходзіць на сувязь.