Калі раней карыстальнікі несьлі адказнасьць толькі за распаўсюд неліцэнзійных файлаў, то цяпер адказнасьць будзе наступаць і за «захоўваньне з мэтай распаўсюду».
У беларускі Кодэкс адміністрацыйных правапарушэньняў унесеныя зьмены што да парушэньняў аўтарскага права, якія набудуць сілу 4 красавіка.
Паводле новай рэдакцыі артыкула 9.21 Адміністрацыйнага кодэксу, караюцца ня толькі незаконны распаўсюд і незаконнае выкарыстаньне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасьці, але і «прысваеньне аўтарскага права альбо прымус да суаўтарства». Упершыню ў беларускім заканадаўстве ўводзіцца адказнасьць за «захоўваньне з мэтай распаўсюду кантрафактных асобнікаў твораў, запісаных выкананьняў, фанаграмаў, перадачаў арганізацыяў эфірнага і кабэльнага вяшчаньня».
Мінімальны штраф за незаконны распаўсюд і незаконнае выкарыстаньне аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў ці аб’ектаў права для юрыдычных асобаў складзе 100 базавых велічыняў, для фізычных — 30, альбо 21 мільён і 6,3 млн адпаведна.
Пытаньне пра тое, што будуць лічыць «захоўваньнем з мэтай распаўсюду» застанецца адкрытым да першых ужываньняў артыкула, то бок да першых пакараньняў.
З фармулёўкі не зразумела, ці будзе захоўваньне файлаў пры наяўнасьці доступу ў інтэрнэт (то бок да сродку распаўсюду) лічыцца захоўваньнем «з мэтай», ці захоўваньне будуць прызнаваць «з мэтай распаўсюду» пры наяўнасьці прынамсі аднаго распаўсюджанага незаконна файла, ці пры масавым распаўсюдзе шэрагу твораў.
Зь невыразнай фармулёўкі, калі да яе ня будзе падзаконных удакладненьняў, можна вывесьці адміністрацыйную адказнасьць нават за «лайк» пад незаконна распаўсюджаным файлам (як цяпер караецца «лайк» пад порна-відэа).