Самы чытаны беларускі сайт — Tut.by адзначае 5 кастрычніка 15-годзьдзе. Заснавальнікі і кіраўнікі парталу распавялі Свабодзе пра пачатак працы, сьвяточныя будні і сваю бліжэйшую будучыню.
Ад самага пачатку сваёй дзейнасьці ў 2000 годзе Tut.by яднаў у сабе мноства сэрвісаў — навіны, пошту, надвор’е, курсы валют, пошук у інтэрнэце. Тады, калі большасьць яшчэ ня ведала Google, а Facebook ня быў нават створаны, арыентаваліся на партал Yahoo — менавіта як «беларускі Yahoo» задумваўся Tut.by, згадвае сузаснавальнік парталу Юры Зісер:
«Пачыналася ўсё з таго, што я быў на стажыроўцы ў Штатах і пабачыў, як там усё завязана на інтэрнэце. Пытаю мясцовых, як прайсьці ў бліжэйшы банк, а яны мне — „зазірні ў інтэрнэт“. Я падумаў: чаму ў Беларусі такога няма, чаму б такога не зрабіць? На форуме „Кампутарных вясьцей“ журналіст Сяргей Дзьмітрыеў напісаў, што бясплатна падорыць ідэю для Беларусі таму, хто возьмецца яе рэалізаваць. Пакінуў яму каардынаты, сустрэліся — аказалася, што ў яго была ідэя стварыць бясплатную пошту. Я яго запрасіў працаваць над праектам, але сказаў, што пошту ствараць бессэнсоўна, яна не прыносіць грошай, і што трэба рабіць партал. Праз пару дзён ён сказаў, што за партал ён не бярэцца, так шляхі разышліся. Але ён параіў іншага журналіста „Кампутарных вясьцей“, Андрэя Канановіча, які за праект узяўся, запусьціў яго, а як завяршыў працу, прывёў яшчэ аднаго журналіста „Кампутарных вясьцей“ — Кірыла Валошына, які кіраваў працай парталу шмат гадоў.
Паспрабавалі зрабіць гэта як малабюджэтны праект, пачалі ў сакавіку 2000 году, запусьціліся 5 кастрычніка. Спачатку яго рабілі два студэнты, бо гэта была поўная навінка і ніхто з дарослых прафэсіяналаў ня ведаў, што рабіць. Гэтыя веды немагчыма было купіць ні за якія грошы, проста трэба было быць фанатам, сядзець круглыя суткі ў інтэрнэце».
Сёньня Tut.by — самы чытаны беларускі сайт. Пры гэтым адны абвінавачваюць Tut.by у сувязі з уладай, а другія — у «праплочанасьці апазыцыяй». Юры Зісер сьцьвярджае, што палітыка сайта залежыць толькі ад чытача:
«У краіне, дзе няма рынку рэклямы, на рэкляме можа пракарміцца толькі адзін сайт, бо мала грошай. Таму мы мусім працаваць на ўсю краіну, зьбіраць разам часам палярныя пункты гледжаньня. Наша мэта — быць па-над бойкай, даваць непрадузятую інфармацыю. Нічога дзіўнага, што нас абвінавачваюць ва ўсіх грахах адразу: мы і „антыбеларускія“, і „антырасейскія“, і „антызаходнія“... Нам гэтак лепей, бо кожны для сябе знаходзіць тое, што цікава. Мы ніколі не скажаем навіны, каб дагадзіць камусьці аднаму».
Як распавяла галоўны рэдактар навінаў Tut.by Марына Золатава, а 12-й дня з нагоды юбілею Юры Зісер сабраў супрацоўнікаў у холе і сказаў прыемныя словы, але потым давялося разысьціся па працоўных месцах. Сьвяткаваньні будуць пасьля выбараў, цяпер жа ў рэдакцыі напружаны працоўны тыдзень:
«У рэдакцыі ў нас больш за 50 чалавек, гэта вельмі вялікая рэдакцыя па беларускіх мерках. У нас нават ёсьць карэспандэнты ў кожным абласным цэнтры. Грамадзтва — самы вялікі разьдзел, там шэсьць чалавек разам з рэдактарам. І спорт, і „42“, і фінансы, і нерухомасьць, і аддзел відэа... Сваіх карэспандэнтаў пасылаем на месца падзеяў, у тую ж Украіну.
Яшчэ пару год таму прыходзілася чуць, што Tut.by — гэта агрэгатар (г.зн. ня піша свае навіны, а перадрукоўвае зь іншых крыніц. — РС) і што ён ня мае нічога свайго. Але і тады гэта не было праўдай, бо агрэгавалі ня больш за іншыя беларускія мэдыі. А апошнім часам гляджу, што калі на партале публікуецца парадку 200 матэрыялаў на дзень, то большая палова зь іх — гэта нашы матэрыялы».
Галоўны рэдактар прыгадвае, што штуршок да разьвіцьця рэдакцыя атрымала дзякуючы ўвазе з Расеі:
Мы зразумелі, што ўсё сур’ёзна, калі партал Tut.by трапіў на прэс-канфэрэнцыю да прэзыдэнта, прычым не прэзыдэнта Беларусі, а прэзыдэнта Расеі
«Мы зразумелі, што ўсё сур’ёзна, калі партал Tut.by трапіў на прэс-канфэрэнцыю да прэзыдэнта, прычым не прэзыдэнта Беларусі, а прэзыдэнта Расеі. Гэта было ў 2008 годзе, і гэта было нечакана. Бо калі табе тэлефануюць з прэс-службы Крамля і запрашаюць у Маскву, ты разумееш, што пазнавальнасьць выйшла на іншы ўзровень. Цікава, што толькі пасьля гэтага мы трапілі на прэс-канфэрэнцыю да прэзыдэнта Беларусі.
Клясна тое, што некаторыя матэрыялы, якія мы публікуем, маюць большы эфэкт, чым тое, што іх проста прачыталі сто альбо дзьвесьце тысяч чалавек. Напрыклад, на мінулым тыдні выходзіў артыкул пра маладога тату, у якога дачка з ДЦП і які разам з дачкой у калясцы прабег паўмаратон. Ён потым напісаў нам, што пасьля артыкула было багата ня толькі водгукаў, а і рэальнай дапамогі. Мо гэта патасна гучыць пра „чацьвёртую ўладу“, але калі адчуваеш, што пасьля публікацыі нейкіх матэрыялаў адбываецца рэзананс, рэальная дапамога людзям, нейкія зьмены ў жыцьці людзей, — гэта здорава, гэта прыносіць асалоду».
Марына Золатава ня кажа пра ціск на журналістаў парталу, хоць адзначае, што яе праца і праца яе калегаў не пазбаўлена цяжкасьцяў:
«Пагрозы, вядома, бываюць ад розных людзей. Можа патэлефанаваць звычайны карыстальнік, незадаволены тым, як мы асьвятляем падзеі ва Ўкраіне альбо Сырыі, ці прадстаўнік якой-небудзь арганізацыі, адносна якой мы напісалі не зусім прыемную навіну, ці проста не зусім здаровы чалавек. Могуць пагражаць, у тым ліку судом. Вядома, праца журналіста мае складаныя моманты, але ў тым ліку з-за гэтага мы абіралі працу журналіста.
Вядома, з гэтага году мы жывем у крыху іншых умовах, калі зьмянілася заканадаўства (з новым законам пра СМІ — РС). Гэта патрабуе ад нас большай адказнасьці, уважлівасьці і асьцярожнасьці, бо закон можа трактавацца даволі шырока, а мы ўжо ня толькі дэ-факта СМІ, але і дэ-юрэ СМІ».
Tut.by пачынаўся літаральна з пары кампутараў і некалькіх чалавек, якія мо і ня верылі, што іх справа перарасьце ў вялікае СМІ, прыгадвае сузаснавальнік Tut.by Кірыла Валошын:
«Зьмянілася ўсё радыкальна. Мы пачыналі фактычна ўтрох: Юры Зісер, я і Даніла Рудэнка як тэхнічны супрацоўнік. Доўгія гады нас было трое, потым доўга было пяцёра, потым доўга восем, дзесяць... Пазьней ужо быў рэзкі скачок, які завяршыўся, а дакладней, не завяршыўся, дзякуй богу, тым, што на партале цяпер больш за трыста чалавек. Калі мы запускаліся, канцэптуальна ўсе былі ў поўнай упэўненасьці, што ніколі не спатрэбіцца свая рэдакцыя, свая распрацоўка, наўрад ці моцна спатрэбіцца свая тэхпадтрымка. Ня тое каб апэтыт прыйшоў падчас ядзеньня... Калі Tut.by запускаўся, гэта быў, хутчэй, паштовы партал, чым навінавы. Але хто мог ведаць, што нашы навіны стануць камусьці цікавейшыя, больш карысныя за навіны інфармагенцтваў?
Я мяркую, што Tut.by цяпер — гэта ня толькі навіны. Нам удалося зрабіць зь лягатыпу, які кажа, што гэта беларускі партал, сапраўдны партал. Мэтафара пра „беларускі Yahoo“ (на момант стварэньня Tut.by Yahoo быў адным з самых папулярных сайтаў у сьвеце. — РС), на мой погляд, актуальная, на партале 50, а то і 60 разьдзелаў. Афіша, праца, фінансы, крамы — практычна любую патрэбу можна задаволіць, а калі не задаволіць, то знайсьці пошукам, як гэта зрабіць.
З аднаго боку, я як карыстальнік ня бачу буйных нішаў, на якія Tut.by можа рэзка пасьпяхова выйсьці. Зь іншага боку, як акцыянэр я зацікаўлены, каб бізнэс прыносіў нейкія цікавыя грошы. На сёньня ніхто асабліва не хавае, што тое, што партал зарабляе, ён укладае ў разьвіцьцё. Але гэта не рэвалюцыйнае разьвіцьцё, паступовае».
Тым ня менш навіны і іх падача ў інтэрнэце мяняюцца. Сёньня іх ня проста можна прачытаць з «разумнага гадзіньніка» — гадзіньнік (альбо ноўтбук, тэлефон, «разумны» тэлевізар ці халадзільнік) сам можа абраць, якія навіны варта паказваць уладальніку. Ды патрэба ў жывых людзях у журналістыцы ня зьнікне, мяркуе Юры Зісер:
«У бліжэйшай будучыні будзе большы ўхіл у бок сацыяльных сетак і пэрсаналізаванага кантэнту. Многія захочуць, каб ім пастаўляўся кантэнт адпаведна зь іхнімі перавагамі, а ня так, як хоча рэдактар. Але мы перакананыя, што рэдактарская пазыцыя таксама не памрэ, іначай зь ёй памрэ прафэсійная журналістыка».