Крушэньне самалёта Ту-154 над Чорным морам у сьнежні 2016 года адбылося праз памылку экіпажу, паведамляе газэта «КоммерсантЪ». Афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацьверджаная.
Паводле інфармацыі крыніц выданьня, экспэрты пакуль не ўсталявалі дакладных памылак, што прывялі авіякатастрофы. Пры гэтым дакладна выключаны варыянт тэхнічнай няспраўнасьці самалёта.
Згодна з папярэднімі высновамі камісіі па расьсьледаваньні прычынаў крушэньня, усе сыстэмы самалёта працавалі спраўна да сутыкненьня з вадой. Зараз экспэрты вывучаюць дзеяньні лётчыкаў падчас узьлёту Ту-154.
Расьсьледаваньне прасоўваецца марудна праз нізкую якасьць дадзеных з бартавога самапісца, выпушчанага ў 1980-х гадах, удакладняе «КоммерсантЪ».
Самалёт Ту-154 Міністэрства абароны, які накіроўваўся з Сочы ў Сірыю, разьбіўся над Чорным морам 25 сьнежня 2016 года. Загінулі ўсе 92 чалавекі, якія знаходзіліся на борце – артысты ансамбля імя Аляксандрава, вайскоўцы, журналісты і кіраўнік фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка.