Як зьмяняецца Менск. Топ самых цікавых будоўляў

Павал Дабравольскі выбраў трыццаць маштабных будоўляў Менску ды пазначыў іх на інтэрактыўнай мапе, а пра пяць зь іх расказвае падрабязна. Глядзіце, як зьменіцца горад празь некалькі гадоў.

Алімпік-Парк

Шматфункцыянальны комплекс «Алімпік-Парк» на вуліцы Ратамскай будуе ТАА «Тапас». Шырокую ўвагу да яго прыцягнула мясцовая жыхарка Галіна Ігнатовіч. Яна ўзьлезла на будаўнічы кран зь дзяржаўным сьцягам. Гэтак яна патрабавала справядлівай кампэнсацыі за знос свайго дома.

Былую вёску Ржавец ужо цалкам зьнішчылі. Цяпер будуюць шматкватэрныя дамы — іх плянуюць здаць да лістапада 2017 году. Усяго іх будзе дзесяць. Адзін — зусім побач з «Полем цудаў», кірмашом ужываных рэчаў. Таксама ў складзе комплексу пабудуюць тузін катэджаў, рэстарацыю й спартовы цэнтар са спа. Усе працы павінны скончыць у 2018 годзе.

Зямлю каля заказьніка «Лебядзіны» «Тапас» атрымаў у 2014 годзе ўказам Лукашэнкі. Згодна зь ім, забудоўшчык «мае права выдаляць аб’екты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак і выплат кошту гэтых расьлін». Таксама ў ім адзначана патрабаваньне стварыць пешаходную зону ўздоўж праспэкту Пераможцаў і стаўка. Працы там ужо вядуцца.

Кампанія таксама будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» ў Лебядзіным і «Мегаполіс» у Брылевічах. Каля Нацыянальнай бібліятэкі ўжо гатовыя тры — «Аквамарын», «Парк-Сіці» й «Язьмінавая-1». З камэрцыйнай нерухомасьці «Тапас» пабудаваў бізнэс-цэнтар «Дэпарт» на вуліцы Кнорына. Праблемны аб’ект — «Футурыс», ён стаў чарговым менскім даўгабудам.

Шантэр Хіл

Будоўлю шматфункцыянальнага комплексу вядуць на праспэкце Пераможцаў. Падрадная арганізацыя — кітайская Citic Group сына былога прэм’ера КНР Ван Чжэня. Архітэктурны праект распрацавалі ў турэцкай BB Group.

Дамінантай комплексу будзе 25-павярховы гмах. Замоўца — наваполацкае ТАА «Інтэрсэрвіс» Алеся Шакуціна й Міколы Вараб’я — плянуе разьмясьціць у ім гатэль. Ён стане ўжо шостым у радыюсе 2 км. Таксама тут пабудуюць офісы й спартыўны цэнтар. Працы на аб’екце ідуць актыўна.

На суседніх пляцоўках будуюць Цэнтар гімнастыкі й БЦ Riviera Plaza. Праз дарогу — ЖК «Лазурыт» і буйны ЖК «Прамэнад» з 20 дамамі, апошні таксама на кітайскія інвэстыцыі.

Рэстарацыя ўсходняй кухні

Каля аквапарку «Лебядзіны» на беразе Драздоў дабудоўваюць комплекс з рэстарацыяй усходняй кухні на 1200 месцаў. Ён стане адным з самых буйных у горадзе. У навіны будоўля трапіла ў студзені 2016 году — тады два будаўнікі пацярпелі, а адзін загінуў.

Адмысловая прапанова зьявілася ў інвэстыцыйным атлясе Менгарвыканкаму ў 2013 годзе. Улады запатрабавалі ад інвэстара зрабіць кампэнсацыйныя пасадкі зьнішчаных расьлін.

Працы пачалі ў 2015 годзе і ўжо канчаюць, але тэрмін здачы перанесьлі з канца 2016 году на пазьнейшы час. Дызайн распрацавалі ў студыі Алены Кажауравай.

Жылы комплекс «Пірс»

Праект жылога комплексу каля Менскага мора распрацавалі ў студыі Level80 architects. Працы пачынае А-100 Дэвэлапмэнт — рыхтуе пляцоўку. Яна знаходзіцца паміж лесам і жылой забудовай Ратамкі, што складаецца з прыватных і двух 4-павярховых дамоў.

Забудоўшчык абяцае катэджы ды шматкватэрныя дамы. Двары урбан-вілаў і 5—7-павярховых дамоў закрыюць для аўтаруху. Староньнія людзі заходзіць у комплекс ня змогуць.

Акрамя жыльля, пабудуюць дзіцячы садок, добраўпарадкуюць пляж, зробяць спартыўныя пляцоўкі, а таксама рачны канал з вадаспадам. У склад пэнтхаўзаў на апошніх паверхах увойдуць эксплюатаваныя дахі.

Першыя урбан-вілы здадуць напрыканцы 2018 года. Увесь праект плянуюць рэалізаваць у 2019-м. Тут будуць жыць каля дзьвюх тысяч жыхароў.

Diamond City

​Буйны гандлёва-забаўляльны цэнтар «Дыямант» дабудоўваюць на МКАД у раёне Малінаўкі. Працы ідуць са спазьненьнем: адкрыцьцё чакалася летась увесну. На афіцыйным сайце значыцца новая дата іх заканчэньня — сакавік 2017-га, але й да яе ўжо не пасьпелі.

Будоўлю замовіў афіцыйны дылер швэдзкай Scania ў Беларусі «Міленіюм Груп». Першапачаткова дызайн распрацавалі ў Менскграмадзянпраекце, але пазьней брытанская кампанія Jones Lang LaSalle яго зьмяніла. Адметнасьцю цэнтру стане гіпэрмаркет Green — самы буйны ў Менску.

Таксама на МКАД, у раёне Курасоўшчыны, плянавалі пабудаваць гандлёвы цэнтар «Сеніца» ў выглядзе швайцарскай вёскі. Працы замовіў BelSwissBank, а праект распрацаваў суаўтар Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Крамарэнка. Прыкладна праз год аб’ект стаў чарговым даўгабудам.

Фота: Павал Дабравольскі