Топ-5 кніг выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда» на гэтае лета

Фоа ©Shutterstock

Якую кнігу ўзяць з сабою ў адпачынак? Беларускія незалежныя выдавецтвы прапануюць свае новыя выданьні, пра якія мы расказваем нашым чытачам цягам чэрвеня-ліпеня. Сёньня рэкамэндацыі выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда».

1. Алена Ніякоўская. Там, дзе буяла жыта. Вершы, пераклады, літаратуразнаўчыя артыкулы, лісты

Алена Ніякоўская — аўтарка, якая ўвесь час прысутнічала ў беларускім культурным полі, але як бы інкогніта. Была старэйшым сябрам-настаўнікам і безумоўным аўтарытэтам для полацкіх пісьменьнікаў з Таварыства Вольных Літаратараў. Друкавалася ў пэрыядычных выданьнях і калектыўных зборніках. Але ніколі ня мела ўласнай кнігі. «Там, дзе буяла жыта» — першая кніга кандыдата філязофскіх навук Алены Ніякоўскай, якая аб’яднала лепшае, напісанае ёю, — вершы, пераклады, літаратуразнаўчыя працы, артыкулы і рэцэнзіі.

2. Вінцэсь Мудроў. Багун. Апавяданьні

У зборніку «Багун» галоўнага прадстаўніка полацкай школы іранічнай прозы Вінцэся Мудрова прадстаўлена 14 апавяданьняў, напісаных пры канцы ХХ — на пачатку ХХІ стагодзьдзяў. Сабраныя разам тэксты чарговы раз пераканаўча засьведчылі літаратурны талент Мудрова — віртуознага стыліста і дасьціпнага апавядальніка. Кніга аб’яднала, з аднаго боку, такія сур’ёзныя аповеды з быкаўскай драматургіяй, як, напрыклад, «Калодзеж», з другога — саркастычныя памфлеты і шаржы на мінулую, савецкую эпоху. Чытач знойдзе тут і аповед «Іду на таран!», які ўжо стаў візытоўкай мудроўскай прозы.

3. Сяргей Шыдлоўскі. Музэюм. Эсэ, імпрэсіі

Ці можна райцэнтру Полацку вярнуць яго страчаны ў віры стагодзьдзяў сталічны статус? Прынамсі, статус нацыянальнай культурнай сталіцы? Сяргей Шыдлоўскі спрабуе пераасэнсаваць гісторыю роднага гораду, паглядзець на яе вачыма сёньняшняга беларусацэнтрычнага чалавека. «Ёсьць недарэчнасьць у тым, што тэкст, годны мітаў, прывідаў, канцэнтраванага літаратурнага паветра Полацку, дасюль не прад’яўлены сьвету», — піша аўтар кнігі ў эсэ «Зьбіраньне Полацку». Але які гэта павінен быць тэкст? Пра гэта новая кніга Сяргея Шыдлоўскага.

4. Іван Стома. Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў. Палявыя нататкі капача

Напрыканцы 90-х хлопчыка Ваню, будучага аўтара гэтай кнігі, у Полацку ведалі ўсе, хто цікавіўся гісторыяй або ўвогуле культурай роднага гораду. Яго можна было пабачыць на археалягічных раскопках, на сустрэчах зь пісьменьнікамі і гісторыкамі, побач з будаўнікамі, якія рэстаўравалі карпусы Езуіцкага калегіюму. Аднак звычайна з самай раніцы, калі ня трэба было ісьці ў школу, ён вандраваў па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў побач з Замкавай гарой. У дванаццаць гадоў ён трапіў у полацкія лёхі. А ў старэйшых клясах меў ужо энцыкляпэдычныя веды па гісторыі роднага краю. Мастацкае асэнсаваньне досьведу і ведаў — на старонках ягонай кнігі.


Кніга будзе прадавацца ў полацкай кнігарні «Светач» і зьявіцца ў інтэрнэт-бібліятэцы kamunikat.org.

5. Алесь Аркуш. Сядзіба. Раман

«Сядзіба» — чацьвёрты раман Алеся Аркуша. Нічога не зьнікае ў невараць, кажа аўтар у сваім новым творы, усё недзе існуе ў паралельным сьвеце. На полацкай сядзібе адбываюцца дзіўныя здарэньні. Мэтафізычнае жыцьцё ценяў і прывідаў пранікае ў рэальны сьвет.

Частка гэтых кніг ляжыць у вольным доступе ў электроннай бібліятэцы kamunikat.org, а раман Алеся Аркуша «Сядзіба» можна набыць у інтэрнэт-кнігарні kniharnia.com.