24 сакавіка 1996 году адбылася першая масавая акцыя легендарнай «Менскай вясны», якая ўратавала Беларусь ад аншлюсу. На Дзень Волі-96 беларусы вынесьлі ў цэнтар гораду лёзунг: «Расея — гэта вайна і галеча!».
Якія яшчэ факты трэба ведаць пра падзеі 1996 году?
1. Кіпучая сьцюдзёная вясна
Менская Вясна-1996 цягнулася тры месяцы. За гэты час прайшла сэрыя масавых акцыяў пратэсту супраць аўтарытарнага рэжыму прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць уступленьня Беларусі ў саюз з Расеяй. Менская Вясна-1996 атрымала назву «сьцюдзёнай» — былі мітынгі, пікеты, зьбіцьцё дэманстрантаў, арышты, галадоўкі, палітычныя суды, пагромы, вобшукі. Асноўнай тэмай пратэстаў стала абарона незалежнасьці Беларусі, якой пагражаў аншлюс, замаскаваны пад «братняе яднаньне» з Расеяй.
У дзень акцыі 24 сакавіка ў Менску сапраўды было холадна, ляжаў сьнег, людзі былі ў зімовым адзеньні і шапках.
2. Аргкамітэт Дня Волі ўзначальваў Васіль Быкаў
Апроч яго, у аргкамітэт увайшлі лідэры ўсіх дэмакратычных партыяў. Перад мітынгам Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк правялі прэс-канфэрэнцыю, на якой Быкаў сказаў, што плян па інтэграцыі Беларусі і Расеі — гэта зьнішчэньне Беларусі.
3. Шэсьце ў гонар абвяшчэньня БНР прайшло не 25, а 24 сакавіка
Таму што гэта была нядзеля, і арганізатары вырашылі, што ў выходны людзей зьбярэцца больш, чым у панядзелак 25 сакавіка. Апазыцыя прасіла дазволу на правядзеньне шэсьця і мітынгу з нагоды 78-й гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Улады дазволу на шэсьце не далі, але мітынг дазволілі. Тым ня менш шэсьце ад Плошчы Незалежнасьці да Опэрнага тэатру адбылося. На акцыю выйшлі больш за 30 тысяч чалавек.
4. Мітынг прайшоў каля Опэрнага тэатру
Як і папярэднія мітынгі апазыцыі, мітынг ля Опэрнага тэатру вёў каардынатар акцыяў Менскай Вясны, адзін з кіраўнікоў Партыі БНФ Сяргей Навумчык. Выступалі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Станіслаў Багданкевіч, Сяргей Антончык і Генадзь Карпенка. Таксама ўдзельнікі акцыі сымбалічна зьбіралі грошы на квіток Лукашэнку ў Маскву — людзі лічылі, што ён марыць пра крамлёўскі трон. Адзін з выступоўцаў сказаў, што білет павінен быць у адзін канец.
5. Людзі патрабавалі эфіру для лідэраў апазыцыі і былі зьбітыя
Мітынг ухваліў рэзалюцыю з патрабаваньнем даць эфір лідэру БНФ Зянону Пазьняку і віцэ-сьпікеру Вярхоўнага Савету Генадзю Карпенку.
Некалькі тысяч людзей рушылі да будынку Белтэлерадыёкампаніі на вуліцы Камуністычнай, каб дамагчыся эфіру для апазыцыі. Там упершыню супраць дэманстрантаў быў ужыты спэцназ. Дзясяткі людзей былі жорстка зьбітыя. На месцы знаходзіўся кіраўнік менскага гарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын.
Пасьля заканчэньня мітынгу арыштавалі каля 200 чалавек.
6. Пазьняк і Навумчык пакінулі Беларусь. Ужо прайшло амаль 20 год, як яны не былі на радзіме
Сяргей Навумчык зьехаў увечары 26 сакавіка, а Зянон Пазьняк — празь некалькі дзён. 26 красавіка ён вярнуўся ў Беларусь і ўзначаліў Чарнобыльскі шлях. У сваім выступе Пазьняк заклікаў ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць нядаўна забітага чачэнскага кіраўніка Джахара Дудаева.
Да сярэдзіны траўня Зянон Пазьняк зноў пакінуў краіну. З таго часу ні ён, ні Сяргей Навумчык не былі ў Беларусі.
Пасьля Чарнобыльскага шляху-1996 за краты трапілі некалькі соцень чалавек.
7. Улады арганізавалі мітынг у адказ
Праз тыдзень пасьля 24 сакавіка — у наступную нядзелю, 31 сакавіка, улады правялі акцыю ў адказ на дзеяньні апазыцыі. З усёй краіны ў Менск на мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і саюзу з Расеяй спэцыяльнымі аўтобусамі звозілі «прадстаўнікоў працоўных калектываў». На праспэкце Машэрава, у раёне, дзе адбываўся мітынг, міліцыя затрымала студэнтаў-пікетчыкаў, якія трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і скандавалі «Жыве Беларусь!».
8. 30 тысяч чалавек пратэставалі супраць саюзу з Расеяй
2 красавіка ў Менску адбылося шматтысячнае шэсьце супраць падпісаньня Ельцыным і Лукашэнкам дамовы аб Садружнасьці Беларусі і Расеі.
Адбыліся жорсткія сутычкі з дэманстрантамі ля расейскай амбасады.
На пратэст выйшла 30 тысяч чалавек, пераважна моладзь, адбыліся напады міліцыі на журналістаў. У Маскве Валерыя Навадворская і яе паплечнікі пікетавалі амбасаду Беларусі зь лёзунгамі «За нашу і вашу свабоду!».
9. На Чарнобыльскі шлях-1996 перакульвалі міліцэйскія аўто
На акцыю 26 красавіка, якой адзначалі 10-годзьдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС, выйшла яшчэ больш людзей — ад 30 да 60 тысяч, паводле розных ацэнак. У раёне плошчы Якуба Коласа, акурат насупраць крамы «Лянок», адбылася сур’ёзная правакацыя: на шляху калёны апынуліся некалькі міліцэйскіх аўто. Дэманстранты іх перакулілі, павыбіваўшы шыбы і люстэркі.
10. Хадыку і Сіўчыка вызвалілі на просьбу Ельцына
Падчас мітынгу адбыліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў зь міліцыяй і спэцназам: шмат людзей было паранена, каля 200 удзельнікаў акцыі арыштавана.
Праз два дні ўлады арыштавалі лідэраў БНФ Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка, якія ў турме абвясьцілі галадоўку і трымалі яе 20 дзён.
Цягам усёй галадоўкі актывісты БНФ стаялі ў пікетах салідарнасьці зь імі.
Хадыку і Сіўчыка вызвалілі пасьля асабістага тэлефанаваньня Лукашэнку ад Барыса Ельцына.
11. Пошта «паднялася» на замежных тэлефанаваньнях
Пасьля вулічных сутычак у часе Чарнобыльскага шляху-1996 карэспандэнты замежных СМІ ўтварылі чэргі ў бліжэйшым да месца падзеяў аддзяленьні пошты — мабільных тэлефонаў не было, і тэрмінова перадаць інфармацыю ў рэдакцыю можна было толькі зь міжгародніх тэлефонных пунктаў.
12. Менская Вясна-1996 скончылася 27 ліпеня
Апошняй значнай падзеяй Менскай Вясны-1996 лічаць акцыю 27 ліпеня — у дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце РБ. Тады шэсьце прайшло ад сквэра Янкі Купалы і скончылася мітынгам каля Палаца спорту. На рэфэрэндуме 1996 году сьвяткаваньне Дня незалежнасьці было вырашана перанесьці на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.