Бас-гітарыст Алесь-Францішак Мышкевіч абвясьціў на Facebook пра свой сыход з Trubetskoy — аднаго з двух «нашчадкаў» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Мышкевіч сказаў Свабодзе, што ў Trubetskoy ужо змаглі знайсьці новага бас-гітарыста і працягнуць існаваньне.
«Усё заставалася тым, з чаго пачыналася, а мо і горш»
Цяпер Мышкевіч будзе займацца ўласным гуртом The Superbullz, бо ў Trubetskoy ён ня здолеў «творча рэалізавацца»:
«The Superbullz, па-першае, чым адрозьніваецца: там гаспадаром зьяўляюся я, — апавядае Свабодзе Мышкевіч. — Што мне ўздумаецца, які настрой сёньня, тое магу напісаць. Нават калі я час ад часу, як любы артыст, магу за нейкай каньюнктурай пагнацца, то гэта я раблю ад душы.
Няма такога, што будзем адзін з адным раіцца. Напрыклад, я хацеў граць больш цяжкую музыку, гардкор, хацелася граць яе ў Trubetskoy, а мне кажуць, не, ня будзем такога граць, і не падбівай нас, нам трэба іншая музыка для іншых справаў. Мне хацелася б больш разьвіцьця ў кірунку новых песень, больш новага, а тут усё заставалася тым, з чаго пачыналася, а мо і горш. Але я гэта кажу без усялякіх канфліктаў і прэтэнзіяў».
The Superbullz слухаюць ужо больш за Trubetskoy?
Незадоўга да сыходу Мышкевіча паэт Алесь Сьнег зьвярнуў увагу на тое, што апошні кліп гурта Trubetskoy у інтэрнэце паглядзелі ўтрая меней, чым новы кліп The Superbullz.
Ці значыць гэта, што гурт The Superbullz ужо робіцца больш папулярным за Trubetskoy?
«Абʼектыўна не магу сказаць, у чым справа, — разважае Мышкевіч. — Па-першае, цікавасьць да Superbullz у тым, што за паўгода існаваньня гурта выйшлі якія-ніякія, але восем кліпаў. І для маладога гурта па 80 тысяч праглядаў — гэта посьпех. І людзі ўжо цікавяцца, што ж будзе далей».
Ня стаўка на Беларусь, а думкі па-беларуску
Сьнег разважае, што Trubetskoy зрабілі памылковую стаўку на СНД, а The Superbullz слушна паставілі на Беларусь.
«Я не скажу, што я раблю стаўку менавіта на Беларусь. Канечне, шырэй! — кажа Мышкевіч. — Мы ўсе ў шоў-бізнэсе разумеем, што калі становісься знакамітым у Маскве, то і тут цябе будуць слухаць. Але на гэта стаўку мы з Superbullz на сто адсоткаў ня робім. Гэта цудоўна, калі песьні Superbullz будуць граць у Расеі, але хочацца больш заходняга кірунку. А што па-расейску пішам, то гэта, каб і ў Расеі слухалі, і гэта мова, мусіць, міжнародная, як і ангельская.
Большасьць творчасьці гурта The Superbullz будзе па-беларуску. Мае погляды на беларушчыну і Беларусь, здаецца, ведаюць усе. Гэта не таму, што я хачу толькі на беларускі рынак, гэта проста таму, што я беларус, які размаўляе па-беларуску, і беларусам я застануся, і — жыве Беларусь! Мне лягчэй пісаць, лягчэй думаць па-беларуску».
Ідэя Brutto бліжэй
Магчыма, было памылкай далучацца да Trubetskoy, трэба было пасьля распаду «Ляпісаў» ісьці ў Brutto?
«Калі гэта ўсё было, ніхто не запрашаў у Brutto, а запрасілі ў Trubetskoy, — згадвае Мышкевіч. — Не было такога, што куды хочаш, туды ідзі. Запрасілі сябры, ня проста знаёмыя. Ну а потым лёс склаўся так, што разыходзімся. Шмат было ідэалягічнага, з чым быў нязгодны, усё зьвязалася ў адно.
Шмат што, — ідэалягічныя погляды, палітычныя, погляды на жыцьцё — мне і бліжэй у Brutto. Мне зразумелая ідэя гурта Brutto, яна мне блізкая. А ідэя гурта Trubetskoy мне не зразумелая, вось і ўсё».
З Вольскім назаўсёды
Цяпер Мышкевіч — былы ўдзельнік Trubetskoy. А што «Крамбамбуля»? Ці значыць актыўнасьць The Superbullz, што Мышкевіч ужо і былы ўдзельнік «Крамбамбулі»?
«„Крамбамбуля“ актыўная, мы ж проста ў лясы сышлі. „Былога ўдзельніка“ ніколі не было і ня будзе! — кажа музы́ка. — Зь Лявонам Вольскім я буду заўсёды, „Крамбамбуля“ будзе заўсёды, Лявон будзе заўсёды. „Крамбамбуля“ проста ў лесе, адкуль часам выходзіць. Мо, часьцей будзе выходзіць, але гэта ўжо тэма для іншага інтэрвію».