Намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Аляксандар Таўстыка скрытыкаваў мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Ён заявіў Свабодзе, што ягоная арганізацыя працуе дзеля таго, каб індывідуальныя прадпрымальнікі выйшлі на вуліцы гарадоў у рэгіёнах Беларусі.
«Гэтым разам я не прымаў удзелу ў мітынгу, дзеля таго каб паназіраць збоку, пабачыць памылкі і зрабіць зь іх высновы. Па-першае, малую колькасьць удзельнікаў, да прыкладу, давайце часткова сьпішам на надвор’е.
Па-другое, адна з найвялікшых памылак — прысутнасьць палітыкаў ці дысыдэнтаў, якія падкрэсьліваюць, што акцыю праводзяць прадпрымальнікі, але ацэнку гэтай акцыі даюць нэгатыўную. Тады альбо не хадзіце, альбо больш пазытыўна яе ацэньвайце.
Па-трэцяе, каб запрасіць на плошчу, напачатку варта было б зрабіць прэс-рэліз для журналістаў, улёткі для прадпрымальнікаў — распаўсюдзіць інфармацыю.
І не запрашаць на плошчу — гэта не сьвяткаваньне дня народзінаў ці юбілею — а запрасіць на барацьбу за свае правы, за гонар і годнасьць, дзе ў выніку будуць выстаўленыя пэўныя патрабаваньні.
І запрасіць да ўдзелу лідэраў прадпрымальніцкіх рухаў з гарадоў — ад абласнога цэнтру да невялічкага пасёлку — каб паказаць, што гэты рух у рэгіёнах ёсьць і ён салідарны.
Такая сустрэча павінна выпрацаваць канкрэтнае патрабаваньне. І калі вы не гатовыя выйсьці і адстойваць сваё права, то на плошчы будуць зьбірацца толькі сябры, якіх запрашаюць. А на што запрашаюць — невядома.
„За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва“ чакае якім вынікам скончацца чарговыя перамовы ў працоўнай групе пры Міністэрстве эканомікі, якія маюць адбыцца гэтымі днямі. У выпадку адсутнасьці вынікаў зможам дачакацца буйных выступаў прадпрымальнікаў у гарадах і райцэнтрах краіны. Бо бясконца гайкі закручваць нельга. Прынамсі, кампанія „За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва“ працуе ў гэтым кірунку».