Алесь Таўстыка, які ад заснаваньня руху «За свабоду» зьяўляецца яго сябрам, а цяпер і сябрам Рады, зьвярнуўся да сваіх калегаў з заявай.
Ён паведамляе, што на выбарах старшыні будзе прапаноўваць сваю кандыдатуру:
«Лічу, што валодаю якасьцямі лідэра, магу выкарыстоўваць патэнцыял як крэатыўнага, мужнага і цікавага палітыка. Доказы таму: мае выступы як кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на Дзяржаўным тэлебачаньні, мая праграма і выступ на радыё і яскравая палітычная выбарчая кампанія.
Гатовы працаваць на карысьць агульнай каманды, дзе верхавенствам зьяўляюцца высокая мараль, адказнасьць і павага да ўсіх чальцоў арганізацыі».
Цяперашні лідэр руху Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня будзе сёлета выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах. Пра сваё жаданьне балятавацца на галоўную пасаду афіцыйна заявілі два ягоныя намесьнікі — Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец. І вось зьявіўся трэці канкурэнт.