Хто ж такі „таўкач“ — прафэсар, пісьменьнік? Разважаюць менчукі. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Я сабе думаў быў: хто ж у нас ня ведае слова таўкач? Але ў вулічным апытаньні пачуў нешта зусім нечаканае...

Ці можна сказаць „таўкач“ пра чалавека?

Я думаю, можно так назвать человека, который связан с наукой, занимается, он может чего-то рассказать. Чему-то научить другого.

Загадка, чаму навукоўцы і выкладчыкі — таўкачы. Мо тут блытаніна з расейскім словам толмач ‘перакладнік’? Але не:

Приходится толкать, запихивать эти знания другому.

Так упэўнена кажа спадар, сустрэты недалёка ад Акадэміі навук. Але таўкачы — ня толькі прафэсура. Ад іншага спытанага мы пачулі такую самую ацэнку і пісьменьніцкай працы:

Так называюць пісьменьнікаў — таўкач... Сложно, сложно на беларусском языке...

Кажа малады чалавек у ваколіцах БДУІР. Што ж, надалей на бяседзе зь сябрамі-пісьменьнікамі замест тосту буду ўздымаць таўкач. Зрэшты, мо і ходзіць недзе які заслужаны таўкач БССР...

Сумна ўсьміхнуўшыся, падумайма, як мы да такога дажыліся. І ўсё ж людзей, якія выдатна ведаюць гэтае слова, — бальшыня.

Таўкач — гэта хто?

Ці можна назваць таўкачом чалавека і ці гэта ветліва і добра?

Это же дрэннае слова, ну...
У нейкім сэнсе можна... Я лічу, што можна...
Можна, но сматра ў якіх выпадках. Вельмі дрэннае слова, но можна называць!
Ну я гэта слова ведаю. Есьлі ён таўкач — то можна!

А што таўкач (калі пра людзей) азначае?

Ну это значит такой… Ня вельмі разумны.
Дурак ці яшчэ што-небудзь такое, в этом смысле.
Иногда говорят дома: А, таўкач ты такой. Ну то есть немножко туповатенький такой.
Ціпа дурак, што лі, есьлі на рускі язык перавесьці.

Крыўдна, але дакладна. Някемлівы, мякка кажучы.

таўкач ‘някемлівы’

А для немаладой пары значэньне слова таўкач настолькі відавочнае, што і тлумачыць ня трэба:

— Таўкач і ёсьць таўкач...

Таўкач таўчы крупы. „Ноч музэяў“ 16 траўня 2009 г. Музэй этнаграфіі, Магілёў

Таўкач — гэта што?

Старэйшыя адказваюць без праблемаў.

Таўкач яшчэ мае кашу таўчы — таўкач!
Бульбу патаўчы!
Вот, таўчы картошку, таўкач дзерэвянный такой, длінный, круглый...
Раней таўклі камы.

Якое добрае слова — камы! Спадарыня ахвотна патлумачыла журналістцы, якая родам зь Лепельшчыны (а там такое называюць кашай):

Камы — гэта як цяпер робяць пюрэ, дабаўляюць малако. А раней рабілі камы — не дабаўлялі малака, проста таўклі гэтым таўкачом бульбу.

І паводле слоўніка таўкач — ‘прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якою таўкуць’.

Зрэшты, знайшліся і маладзейшыя, абазнаныя ў таўкачах:

Ну бульбу таўкуць.
Напрыклад, пюрэ.

Толкач, чемодан, Москва

У сучаснай расейскай літаратурнай мове слова толкач такога значэньня ўжо ня мае (некалі, у часы Даля, было ў дыялектах). Ня мае і пераноснага крыўднага сэнсу. Толкач там — транспартны тэрмін.

Яшчэ толкачом у савецкі час называлі зусім не дурнога, а спрытнага чалавека, які ўмеў угаварыць цэнтральнае ведамства выдзеліць сродкі (у Маскву з чамаданам сала!) або здабыць у „сумежнікаў“ па вытворчасьці патрэбныя дэталі.

Мне даспадобы, што ніводзін з нашых суразмоўцаў не прыгадаў гэтай расейска-савецкай сэмантыкі слова толкач.

А чым таўкуць бульбу па-расейску?

Для нашых людзей аказалася цяжка назваць па-расейску і адпаведны прадмет:

Нет, не назову.
Талкач па-беларускі, толкач по-русски.

Некаторыя не маглі адказаць, бо рэдка яго ўжываюць:

— А як вы яго называеце, гэты прадмет, дома?
А кто его… Тут женщины больше.

Дыскрымінацыя: мужчыны ў тым доме не дапушчаныя да сьвятая сьвятых, да таўкача )

Расейскія адпаведнікі слову таўкач у гаспадарцы ведалі без падказкі нямногія:

Картофемялка?.. А как по-другому?..

Гэта зусім новае расейскае слова, мяркую, яго выдумалі таваразнаўцы. Яшчэ:

Толкушка?
Таўкач... ну это, наверное, как... пестик для толчения картошки...
— Вы ж, напэўна, рускай мовай карыстаецеся — як вы яго называеце, калі трэба бульбу патаўчы?
Толкучка?

У літаратурнай расейскай мове гэта пест, било, зьявіўся і наватвор толкушка.

Таўкач як спракаветны татэм і знак патрыятызму

— А можа вы ведаеце, як таўкач на рускай мове называецца?
Ну гэта ціпічнае беларускае слова (раяцца). Пест? Талкушка?
— Але таўкач лепш?
Смачнее, па-беларускі смачнее!

Часам і перадбачыць немагчыма, у якіх словах выяўляецца наш моўны патрыятызм:

— ...На рускай? Я знаю больш беларускую, чым рускую, я ж беларус. Таўкач, таму што мы беларусы. Трэба любіць сваю беларускую мову!

Во як. Беларускі марш з таўкачамі )

У нашай мове гэтае слова ня проста жыве, а выяўляецца ў цэлым россыпе сталых выразаў:

Хлопчык з таўкачом для маку. Случчына, пач. 1960-х гг. Фота Паўла Місько

таўкач аблізаў (калі надзеі не апраўдаліся)
таўкач муку пакажа (адказ выхваляку: пабачым цябе ў справе)
як таўкач у ступе (працаваць, марнавацца)
ні млён ні таўкач ‘ні на што ня здатны, няўмелы’

Таўкач не раўнуючы сьветапоглядная апора ў традыцыйнай культуры. Мала таго што ёсьць народны танец „Таўкачыкі“, а ў нашай традыцыйнай Бабы Югі таўкачы замест ног — спэцыялісты ў беларускай этнаграфіі й міталёгіі сьцьвярджаюць, што таўкач быў адным з асноўных сымбаляў у карціне сьветабудовы й знакам апладненьня, плоднасьці.

***

Цяпер такая сэмантычная палітра таўкача прызабытая, засталіся толькі два значэньні. Адно гаспадарчае. А другое... Для някемлівага чалавека ў народнай традыцыі часта знаходзяць словы, якія абазначаюць цяжкую і прымітыўную гаспадарчую рэч: доўбня, боўт (прылада пужаць рыбу), слуп, галавешка, бязьмен. Дык і таўкач таксама з гэтага шэрагу.

У гэтым крыўдным значэньні бытуе і зборны назоўнік. У-у, таўкаччо! — настаўніца сварыцца на дзяцей (Асіповічы, 1980-я гады, паведаміў знаёмы зь сетак).

Карацей. Беларускія словы і адэкватна апісваюць штодзённыя рэаліі (і не забываюцца нават расейскамоўнымі), і выказваюць эмоцыі — вобразна і безь непатрэбнай бруднай лаянкі.