Пра тапонімы Курапаты і Хайсы. Як называць месцы пахаваньняў ахвяраў НКВД

Мапа масавых пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі

Якое паходжаньне назвы Курапаты? Чаму паваенныя дзеці называлі тую горку „Карпаты“? Называйма іншыя нэкропалі адпаведна народным тапанімічным традыцыям.

Цяпер у даведніках урочышча пад Менскам, дзе паляглі, можа, і сотні тысяч бязьвінных людзей, часам называюць падвойна: Курапаты (Брод).

Сапраўды, асноўная частка лесу знаходзіцца ў нізіне, і калі там пашыралі кальцавую дарогу, у выніку няўмелага разьвязаньня гідралягічнай праблемы ранейшы сэзонны ручаёк стаў застойным, церазь яго і праўда патрэбны брод ці кладка. Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў, першыя дасьледнікі Курапатаў як магільніку ахвяраў камунізму, высьвятлялі мясцовыя мікратапонімы:

Мясьціна ля заслаўскай дарогі звалася Брод. Тут непадалёк было некалі балота. А ці мела раней назву тое месца, што было потым абгароджана, той бор на ўзгорках, спыталіся мы ў жыхароў Дроздава. Так, адказалі яны, мясьціна называлася Курапаты. „А чаму?“ — „Бо вясной там скрозь расьлі белыя кветкі — „курапаты“. — „Курасьлепкі хіба?“ — „Ага, курасьлепкі — курапаты“.

Дыялектная назва белых пралесак, — дадаюць аўтары. Гэта той самы артыкул „Курапаты — дарога сьмерці“ (Літаратура і мастацтва, 3 чэрвеня 1988 г.).

Наступныя апытаньні пацьвярджаюць: Курапатамі мясцовыя жыхары называлі прылеглую да лесу горку, якая зь цягам часу часткова парасла дрэвамі і зьлілася зь лесам. Прычым маладзейшыя маглі ўжо і міжволі зьмяняць гістарычную назву, і не тлумачыць яе матывацыю. Сьведчыць апытаная Маратам Гаравым Лідзія Крывіцкая:

Дзесьці ўжо пасьля вайны, калі мне было гадоў 11, мы часьцяком зь іншымі школьнікамі бралі на стайні вялікія санкі — пакатацца з высокага лысага ўзгорку, што быў падобны да падковы і між дзецьмі зваўся Карпаты.

З. Пазьняк меў падставу прапанаваць у якасьці асноўнай назвы нэкропалю менавіта Курапаты. Гэта не пярэчыць тапанімічнай лёгіцы, бо і на горцы ёсьць яміны-западзіны, і межы „спэцаб’екту“ НКВД не супадаюць з гістарычным урочышчам Брод. Але галоўнае ў іншым. Такія назвы робяцца нацыянальнымі сымбалямі, набываюць новае прачытаньне, і з гэтага гледзішча імя Курапаты больш вобразнае і лепш ідэнтыфікуе мясьціну за тапонім Брод, вельмі пашыраны ў беларускай мікратапаніміі.

Слова курапаты, як паведамілі Пазьняк і Шмыгалёў са спасылкаю на інфарматараў 1980-х гадоў, азначала белыя веснавыя кветкі. Пазьняк перапытаў, ці гэта курасьлепкі або курасьлеп — як у літаратурнай мове, мясцовыя пацьвердзілі. Вобраз белых кветак, якія вечнаю сілаю прыроды сьведчаць пра вясну, але распускаюцца на крыві, уражвае і звычайных людзей, і творцаў.

Адбуяла вясна, перамерала лета абновы,
Хутка восень слатой засьпявае спачын ля вакон.
Там, дзе кветкі былі, разьліваецца сокам барвовым
Цэлы ягадны сьвет, бо такі у прыроды закон.

А навокал — маляўнічыя ўзлескі.
Дзе балоты, дзе пагоркі, дзе палеткі.
Курапаты — гэта кветачкі-пралескі,
Крый нас Божа, калі гэта толькі кветкі.

...На зямлі, дзе што ні вёска, што ні хата,
Што ні думка, што ні песня, што ні слова,
„Трыццаць сёмы“ і праз рыску „сорак пяты“
,
Што ні кветка, што ні колер, то — барвовы.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Думаю, цяпер слова курапаты ў значэньні кветак увайшло ў нашу літаратурна-моўную традыцыю назаўсёды. Разам з тым важна праводзіць грунтоўныя тапанімічныя дасьледаваньні кожнай з назваў шматлікіх, на жаль, нэкропаляў ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі.

Тапонім Курапаты: спроба этымалягізацыі

Курапаты — тапонім у Беларусі рэдкі, але не ўнікальны. Ёсьць вёска Курапаты ў Ваўкавыскім р-не, у Субацкім сельскім савеце. Тапанімістка Валянціна Лемцюгова лічыць, што ў аснове назвы імя-мянушка або прозьвішча Курапата. І сапраўды, вядомыя і сучасныя прозьвішчы Курапата, Курупата, і старабеларускія Курапата, Карупата. Яны ў сваю чаргу ад мянушкі продка ўсьлед за птушкай курапатай, або курапатвай, або курапацьцю.

Назва курапата ў значэньні дзікай птушкі вядомая практычна ўсім беларускім дыялектам, а некаторыя гаворкі ведаюць менавіта варыянт карпата (напрыклад, на Сеньненшчыне так кажуць). Г. зн. дзіцячыя ўспаміны жыхароў Цны пра горку Карпаты — відаць, не наіўная блытаніна. І ў іншых славянскіх мовах курапаты — толькі птушкі. Некалі ў слове былі два карані: кура і птах, птушка.

Падменскі ўзгорак наўрад ці названы ад імёнаў людзей, бо гэта ня хутар ці засьценак. А прыродныя асаблівасьці маглі даць яму імя. Але на гэты момант мне не ўдалося знайсьці пацьверджаньняў, што якія-небудзь расьліны — ці роду Anemone, ці іншыя — у беларускіх гаворках традыцыйна называліся курапаты. Добра, калі нехта падкажа дыялекталягічныя зьвесткі што да батанічнае сэмантыкі слова.

Што ж да кветак роду анэмонэ, то і ў спэцыялізаваных выданьнях — у слоўніку Зоські Верас, і ў шостым выпуску легендарнай Беларускай навуковай тэрміналёгіі 1924 г. (Батаніка агульная і спэцыяльная), і ў слоўніку Анатоля Кісялеўскага 1967 г. віды гэтых кветак завуцца курасьлепам, белыя — курасьлепам дуброўным ці гаёвым, таксама бытуюць назвы казадрост белы, белая пралеска, канапелька, курасьлёп, сьлепет (апошнія акурат на Меншчыне).

Ад курасьлепу назваў паселішчаў ці ўрочышчаў не зафіксавана. А вось варыяцыі назвы, пра якую мы разважаем — Курапаты ці Карпаты — усё ж робяць магчымым яе гістарычнае паходжаньне ад назвы птушкі. Зь цягам часу і птушкі маглі перастаць сяліцца побач з дарогай, і людзі маглі забыцца на першасную матывацыю назвы ды пераключыць яе на кветкі.

У кожным разе Курапаты як абагульненае імя для ўсіх рассыпаных па беларускай зямлі нэкропаляў не адпусьцяць ані няшчасных ахвяраў, ані нас.

Адпусьціце мяне, Курапаты,
нават з куляю ў галаве,
да дзяцей, да жаны, дахаты.
Як там Бацькаўшчына жыве?

Як там сад мой? Абрыдлі сосны,
нават камень ня ўлежыць ніц.
Я вярнуся, такі ўжо лёс мой —
плакаць жвірам з пустых вачніц.

Анатоль Сыс

Нечакана назва Курапаты дапамагла зьняпраўджваць фальсыфікатараў гісторыі, якія вельмі не хацелі прызнаваць, што ў лесе пад Менскам стралялі НКВДзісты, а таму выдумлялі фальшывыя сьведчаньні, што там расстрэльвалі сваіх ахвяраў нямецкія нацысты. Так, і гэты таталітарызм пакінуў у Беларусі свой крывавы сьлед, але ў іншых месцах. А фальсыфікатары паліліся, калі пісалі пра нібыта нямецкія дарожныя паказальнікі „Нах Куропатэн“. Курапатамі тады называлі ня лес.

Вакол назваў мясьцінаў трагедыі часам адбываецца тапанімічная барацьба. Так, палякі ня хочуць, каб назва лягеру сьмерці гучала па-польску — Асьвенцім, гэта прыгожае імя гораду, аднакаранёвае з асьвяціць. Яны патрабуюць, каб страшнае месца звалася нямецкім тапонімам Аўшвіц і каб ніхто ня сьмеў казаць пра „польскія лягеры сьмерці“.

Шматлікія Курапаты на беларускай зямлі ня мелі чужаземных назваў, кáты выбіралі месцы расстрэлаў дзе хацелі. Цяпер важна, каб назвы былі гістарычна абгрунтаваныя. Добра, калі мясцовыя дбайцы ведаюць іх этымалёгію.

Хайсы, Цагельня, Шчакатоўскі лес

Пад Віцебскам, у лесе паміж вёскамі Хайсы́ і Дрыкольле, актывісты знайшлі парэшткі людзей з тымі самымі прыкметамі, што ў Курапатах, сабралі сьведчаньні мясцовых жыхароў, што там ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, а ўлады гэта актыўна адмаўляюць.

Вось жа для мясьціны была правільна падабраная назва — менавіта паводле імя вёскі Хайсы́. Яно ўнікальнае і запамінальнае. Зазначу, што яно цюрскага паходжаньня. Першапасяленцы мелі прозьвішча ці мянушку Хайса (вядомую тут яшчэ ў 1717 годзе) і, магчыма, былі беларускімі татарамі. Haysiyet па-турэцку ‘годнасьць’.

Запамінальныя тапонімы набылі новую нярадасную ролю — ідэнтыфікацыі мясцовых нэкропаляў ахвяраў камунізму. Пад Ігуменам (Чэрвенем) гэта ўрочышча Цагельня, пад Воршай Кабыляцкая гара. Правільна, што гомельскія шанавальнікі памяці замест сухой назвы „9 км Чарнігаўскай шашы“ знайшлі і пачалі ўжываць народныя мікратапонімы — Шчакатоўскі лес, урочышча Тры Слупы. Нам усім — рупліўцам аб магілах, краязнаўцам, мовазнаўцам — трэба цяпер задбаць, каб называліся адпаведнымі імёнамі ўсе шматлікія такія мясьціны. Як „Кар’ер насупраць мясакамбінату“ ў Магілёве ці „Магілы на бул. Хейнала“ ў Баранавічах.