Паводле актывістаў, узвышша над ракою Дубравека знаходзіцца на балянсе раённай адміністрацыі, аднак зрэдку яго наведваюць дворнікі. Яно засьмечана бытавымі адыходамі ды зарастае хмызамі і травою. Ініцыяваў талаку Цэнтар гарадзкіх ініцыятываў.
Месца правядзеньня актывістамі талакі ў цэнтры горада. З узвышша добра праглядаецца адна з цэнтральных гарадзкіх магістраляў — праспэкт Міру. Насупраць — гатэль Магілёў. У яры, які ў народзе завецца цукровым, стрэльбішча лучнікаў і футбольныя мініпалі. Рэчышча Дубравенкі — ўлюбёнае месца адпачынку гараджанаў. Што робіцца ў зарослым барку на ўзвышшы — мала хто бачыць.
Лідэр Цэнтру гарадзкіх ініцыятываў Юры Стукалаў адзначае: усім зялёным зонам горада надаецца ўвага, іх прыбіраюць, а вось барок, што над цукровым ярам, забыты.
«Гэта самы цэнтар горада. Тут выдатны ляндшафт. У пэрспэктыве тут можа паўстаць добры парк. Сваёй талакой мы стараемся прыцягнуць увагу грамадзкасьці і ўладаў да забытай мясьціны», — зазначае Юры Стукалаў.
«Мы высьветлілі, што гэта ўзвышша нікому не належыць. Фармальна яно замацавана за раённай адміністрацыяй, але ж вы бачыце, што тут робіцца. Інфраструктуры ніякай няма і ніхто за ёй не глядзіць, — апавядае актывіст. — Тут зьбіраюцца кампаніі, каб выпіць, разводзяць вогнішчы ды пасьля сябе пакідаюць сьмецьце».
«Раней жа тут займаліся спортам. Цяпер турнікі паламаныя. Калі за гэтай тэрыторыяй глядзелі — прыбіралі яе, турнікі аднавілі, траву пакасілі ды хмызы павысякалі, то стаўленьне людзей было б іншым», — робіць выснову Юры Стукалаў.
За дзьве гадзіны працы два дзясяткі актывістаў сабралі сотню кіляграмаў шкляных, плястыкавых бутэлек, ды іншае сьмецьце.