У Беларусі прапанавалі зьнізіць штрафы за «эканамічныя» адміністрацыйныя правапарушэньні і радзей канфіскаваць маёмасьць

Палата прадстаўнікоў 23 лістапада прыняла ў першым чытаньні папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якія датычацца прымяненьня санкцый да розных суб’ектаў гаспадараньня, паведамляе БелаПАН.​

Дакумэнт зьніжае штрафы за 45 адміністрацыйных правапарушэньняў. Пры гэтым пашыраецца магчымасьць прымяненьня альтэрнатыўнай штрафу меры ў выглядзе папярэджаньня. Папярэджаньне ўводзіцца ў 21 норму аб адказнасьці.

Поўны тэкст законапраекту не публікуецца. Калі адбудзецца другое чытаньне, пакуль невядома.

У законапраекце істотна скарачаецца сфэра прымяненьня канфіскацыі. Замацоўваецца «канцэптуальны падыход», сутнасьць якога ў тым, што абавязковая канфіскацыя захоўваецца толькі ў дачыненьні забароненых для свабоднага абарачэньня рэчаў. У дачыненьні астатніх тавараў абавязковая канфіскацыя замяняецца альтэрнатыўнай альбо штрафам у працэнтных адносінах да кошту прадмета правапарушэньня. Акрамя таго, устанаўліваецца магчымасьць частковай канфіскацыі даходу, а ня ўсёй ягонай сумы.

У дакумэнце таксама прапісаныя ўмовы прыцягненьня суб’ектаў гаспадараньня да адміністрацыйнай адказнасьці. Так, за ўчыненьне адміністрацыйных правапарушэньняў у эканамічнай сфэры суб’ект гаспадараньня будзе прыцягвацца да адказнасьці толькі пры наяўнасьці абставінаў, якія сьведчаць пра істотны характар нанесенай шкоды.

Акрамя таго, законапраект пашырае пералік падставаў для вызваленьня ад адказнасьці пры ўмове ліквідацыі парушэньняў.

Як заявіў дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Вадзім Іпатаў, рэалізацыя палажэньняў законапраекту будзе «спрыяць паляпшэньню дзелавога клімату і разьвіцьцю дзелавой ініцыятывы ў краіне».