Актывіста Маркелава затрымалі за плякат з просьбай заблякаваць сайт МУС

Актывіст руху «Дзея» Пятро Маркелаў просіць заблякаваць сайт МУС, 31 траўня

Кампанія «Дзея» апублікавала фота актывіста Пятра Маркелава каля будынка Міністэрства ўнутраных спраў у Менску з плякатам «Заблокируйте 86.57.250.202». На наступны дзень Маркелава выклікалі ў міліцыю, затрымалі і пачалі судзіць.

Абноўлена: Гэта быў «Фаташоп», справу адправілі на дапрацоўку

У судзе Маскоўскага раёну Менску 1 чэрвеня судзьдзя Тацяна Моталь адправіла справу Пятра Маркелава за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП РБ) на дапрацоўку. Наступнае паседжаньне пройдзе ў панядзелак 4 чэрвеня. Выходныя да суду Маркелаў правядзе ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна, сказала Свабодзе Ксенія Тарасевіч.

Чаму суд перанесьлі? Намесьнік начальніка грамадзкай бясьпекі Сяргей Астаф'еў, які складаў пратакол на Маркелава, папрасіў перапынак у працэсе, калі судзьдзя запытала, чаму гэты пратакол быў складзены.

Як тлумачыў Свабодзе Маркелаў, лічбы на плякаце — гэта IP-адрас, зьвязаны з сэрвэрам сайту МУС. Такім чынам ён выказаўся супраць некалькіх рэчаў: «гамафобнай заявы» Міністэрства ўнутраных спраў і блякаваньня сайту прыхільнікаў легалізацыі марыхуаны Legalize.by, ад чаго пацярпелі некалькі соцень іншых сайтаў на тым жа сэрвэры.

«МУС апублікавала вельмі спрэчную заяву на сваім сайце, якая сапраўды спрыяе гвалту ў дачыненьні да групы людзей – натуральна было б, каб яны заблякавалі свой сайт», – кажа Маркелаў.

Што важна ведаць

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1700 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
  • 24 траўня сустваральніца гендэрнага праекту Makeout Віка Біран зладзіла фотафлэшмоб супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці каля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду. 29 траўня на Біран склалі пратакол за «масавае мерапрыемства адзіночны пікет».

Фотафлэшмоб Вікі Біран ля будынка МУС