Судзьдзя Сьветлагорскага раённага суду Ірына Алісейка аштрафавала інваліда першай групы Юрыя Ляшэнку за пікет пратэсту, які мясцовыя ўлады па сутнасьці сарвалі, выклікаўшы машыну хуткай дапамогі.
Сьветлагорскі інвалід Юры Ляшэнка толькі зранку вярнуўся ў горад зь лекаваньня за мяжой. Кажа, што задрамаў пасьля паездкі гадзіны на дзьве — і адразу ў суд, дзе яго прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікеце перад райвыканкамам.
Ляшэнка: «Вінаваты. Штраф — 2 базавыя велічыні. Я прывёў шэраг довадаў, што ў мяне праблемы са здароўем, што лекі дарагія. Суд папрасіў падаць дакумэнты — рэцэпты, разьліковыя квіткі за лекі. Судзьдзя паставілася да гэтага з разуменьнем, таму й не такі „драконаўскі“ штраф. Але ўсё адно я пакараны, сваіх правоў публічна ня мог адстаяць. Буду абскарджваць вырак».
На пікет перад будынкам райвыканкаму Юры Ляшэнка выехаў на інвалідным вазку 25 лістапада. Гэткім чынам меўся выказаць свой пратэст з прычыны ігнараваньня правоў інвалідаў пры капітальным рамонце двухпавярховага дома на вуліцы Леніна, дзе ён жыве з жонкаю.
Але не пасьпеў інвалід нават разгарнуць плякат з надпісам «Стоп беззаконьне!», як на плошчу зь мігалкамі прымчала хуткая мэдычная дапамога. Ляшэнку зь яго інвалідным вазком умомант пагрузілі ў машыну і павезьлі ў шпіталь. Там яму зрабілі некалькі ўколаў нібыта ад ціску. І завяршылася «лекаваньне» гутаркай зь міліцыянтам і складаньнем пратаколу пра несанкцыянаваны пікет.
За гэта Ляшэнка й атрымаў сёньня штраф. А пасьля інвалід выправіўся на другі суд:
«Другі суд — да прадстаўнікоў райвыканкаму, бо яны незаконна мне адмовілі ў правядзеньні пікету».
Перш, чым выехаць на плошчу з пратэстам, Юры Ляшэнка падаваў замову на правядзеньне пікету. Але ўлады выпраўлялі інваліда пратэставаць на ўскрайку гораду, у занядбаны парк, дзе ня толькі ўвосень, але і ўлетку людзей амаль не бывае.
Цяпер інвалід спрабуе праз суд аспрэчыць такі падыход выканкаму да захаваньня правоў гараджанаў на мірныя акцыі пратэсту.
Пра вынік другога суду, у якім інвалід не адказчык, а пазоўца, будзе вядома, хутчэй за ўсё, 23 сьнежня — на чарговым паседжаньні.