Ці абароніць Belarus Сьвятлана Алексіевіч?

Не Vitryssland, не Weißrussland, не Valko-Venäjä, а Беларусь на ўсіх мовах сьвету. Піша Вінцук Вячорка

Разважаючы пра назвы беларускае мовы па-ангельску , я быў паабяцаў зьвярнуцца да тэмы імя нашай краіны ў іншых мовах сьвету.

І вось нагода: 8 кастрычніка слова «Беларусь» на розных мовах адным зь першых загучала у выпусках навінаў. Прафэсар Сара Даніюс, Неадменны сакратар Швэдзкай акадэміі, абвяшчае рашэньне апошняй:

«...Nobelpriset i litteratur år 2015 tilldelas den vitryska författaren Svetlana Aleksijevitj».

Пачуўшы ў жывой трансьляцыі слова «вітрюска», я ведаў, чыё імя прагучыць усьлед і што сёлетні літаратурны Нобэль — у Беларусі. Але і пераканаўся, што дагэтуль у Швэцыі як афіцыйныя ўжываюцца назва краіны Vitryssland і прыметнік vitrysk(-а). І гэтыя словы зноў пачулі мільёны швэдаў. (Тая абвестка прагучала і па-ангельску, з састарэлым прыметнікам Byelorussian — «Б’елоўрашэн», які стасуецца і рыфмуецца з «рáшэн» і які таксама пачулі мільёны людзей ува ўсім сьвеце).

Па-швэдзку Ryssland — Расея. Вось жа Vitryssland — гэта «Белая Расея», нават ня «Белая Русь», бо гістарычная Русь па-швэдзку Rus або на лацінскі лад Rutenien.

Ужо нямала гадоў швэдзкія грамадзяне родам зь Беларусі (пісьменьнік і журналіст Дзьмітры Плакс, гісторык Андрэй Катлярчук), швэдзкія інтэлектуалы і палітыкі ладзяць кампанію за ўжываньне слова Belarus і прыметніка belarusisk. І за паступовую адмову ад Vitryssland, бо «ў сьвядомасьці людзей гэта нешта на поўначы Расеі, пакрытае сьнегам», — тлумачыў журналісту tut.by Дзьмітры Плакс.​

Стэфан Эрыксан — дыплямат, узорны сваёй павагай да мовы народу, сярод якога працаваў, — таксама «за Belarus».

Праблема не ў белізьнé

Беларускамоўны швэд — славіст і праваабаронца, кіраўнік ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen Мартын Уґля — яшчэ ў 2009 годзе напісаў праграмны тэкст на тэму:

Павольна, але ўпэўнена імя Беларусь замацоўваецца ў швэдзкай мове, хаця пераважная бальшыня швэдзкамоўных яшчэ кажа Vitryssland. Дзяржаўны Дэпартамэнт у апошняй вэрсіі Даведніка іншаземных імёнаў (Utrikes namnbok) піша, што назва Belarus ужываецца «ў неафіцыйным кантэксьце».

Бывае, што Беларусь не адрозьніваюць ад Расеі ня толькі звычайныя швэды. М. Уґля прыводзіць прыклад прэм’ер-міністра Ф. Райнфэльта, які назваў Беларусь Расеяй падчас парлямэнцкай дыскусіі. На думку М. Уґля, прычына блытаніны — менавіта каляніяльная назва Vitryssland.

М. Уґля цытуе выказваньні спэцыялістаў-беларусазнаўцаў. Нільс Хокансон тлумачыць у паслоўі да свайго перакладу аповесьці Васіля Быкава «Афганец» (па-швэдзку «Veteranen»), чаму ўжывае там назву Belarus:

Праблема не ў белізьне. «Vit» — даслоўны пераклад шматзначнага прэфіксу бел-, значэньня якога ў гэтым кантэксьце папраўдзе ніхто ня ведае — «белы», «чысты», «свабодны» ці «заходні». Праблема ў літаральным і пасьлядоўным зьмешваньні дзьвюх гістарычных і культурных зьяваў — Расеі і Русі.

Гэта вельмі дакладнае лінгвістычнае абгрунтаваньне таго, што абедзьве часткі калькі «белы» + «Расея» ня маюць дачыненьня да назвы Беларусі. Корань «бел-» ў слове Беларусь даўно страціў пачатную сэмантыку, якой, зрэшты, ніхто сёньня і ня ведае дакладна. І «Русь» не «Расея». Слова Беларусь з гледзішча сучаснае мовы суцэльнае і на марфэмы ня дзеліцца.

Швэдзкія мовазнаўцы, якія выступілі ў абарону Vitryssland, казалі, што кожная мова мае ўласныя, у тым ліку традыцыйныя, назвы для іншых краінаў (экзонімы) і што швэдзкая мова не абавязаная пераходзіць на саманазвы тых краінаў (эндонімы), бо менавіта экзонімы «палягчаюць вымаўленьне і разуменьне», а ўжываньне эндонімаў «абцяжарвае камунікацыю».

На гэта я скажу, што традыцыі перадаваць менавіта назву Беларусь у іншых мовах да ХХ стагодзьдзя практычна не было. Мэханічнае раскладаньне на два карані і паасобны іх пераклад — погляд на Беларусь праз прызму расейскае мовы і гісторыі.

А Мартын Уґля даказвае, што слова Belarus нічым не абцяжарвае вымаўленьне, разуменьне і камунікацыю па-швэдзку, а вось зьмешваньне назваў Расеі і Беларусі «ў доўгатэрміновай пэрспэктыве можа ўяўляць сабой найбольшую пагрозу для незалежнасьці і культурнай адметнасьці краіны на мяжы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы».

Актыўная пазыцыя зацікаўленых людзей, прафэсіяналаў дала плён у Швэцыі. Прайшло 6 гадоў, і сёлета сп. Уґля дапісаў да ранейшага свайго артыкула:

Назва «Belarus» цяпер так пашырылася, што пасьля яе больш не пазначаю ў дужках тлумачэньня «Vitryssland» у сваіх блёгавых запісах.

Але афіцыйная практыка не памянялася.

Вайс едзе ў Руслянд

Падобная дваістасьць назвы Беларусі ёсьць і ў іншых мовах. Прыкладам — у бальшыні моваў германскай групы: скандынаўскіх, нідэрляндзкай, урэшце, нямецкай.

Ува ўсіх іх як імя Беларусі ўжываецца двухкаранёвая калька з расейскай мовы. Першая частка супадае са словам «белы» ў гэтых мовах, а другая добра пазнавальная — Russland і пад.

Найбольш аўтарытэтны нямецкі слоўнік Duden прызнаé слова Belarus, але азначае яго так: «Уласная назва — прынятае ў афіцыйнай міжурадавай карэспандэнцыі абазначэньне для [краіны] Weißrussland». Інакш кажучы, нарматыўным і агульнапрынятым застаецца апошняе.

Мы ня можам загадваць швэдам, ісьляндцам і немцам, як ім гаварыць і пісаць у штодзённым жыцьці, можам толькі ўскосна ўплываць на выбар назвы нашай краіны на іхных мовах. Толькі для трансьлітараванай формы Беларусь у афіцыйных дакумэнтах на розных мовах юрыдычная падстава ёсьць. Гэта п. 1 Закону № 1085-XII «Аб назьве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (...)» ад 19 верасьня 1991 году:

«...Гэтыя назвы [Рэспубліка Беларусь, Беларусь] трансьлітаруюцца на іншыя мовы ў адпаведнасьці зь беларускім гучаньнем».

Ангельскамоўны сьвет адрэагаваў вельмі хутка і ўжо ў 1991 годдзе пачаў ужываць форму Belarus замест ранейшай Byelorussia, а то і White Russia.

Прычым ня толькі ў афіцыйных дакумэнтах, але і ў звычайнай моўнай практыцы. А значыць, ніякіх чыста лінгвістычных перашкодаў для такога пераходу няма і ў іншых германскіх мовах.

***
Назвы блізкіх краін часта адносяцца да так званых традыцыйных імёнаў, гэта значыць сфармаваліся вельмі даўно і на ўласнай глебе. Так, мы называем краіну Deutschland — Нямеччына або на лацінскі лад Германія. Magyarorszag для нас Вугоршчына або на польскі лад Вэнгрыя. Тая ж Грэцыя ў арыгінале Ελλάδα ці Ελλάς. Так і што і нашую зямлю суседзі маюць права зваць традыцыйна. Пры ўмове, калі такая традыцыя сапраўды ёсьць. Бо пераносіць на Беларусь традыцыю называньня Расеі — беспадстаўна.

Наагул жа назвы краін, як правіла, не перакладаюцца. Нават Бераг Слановай Косьці пару дзесяцігодзьдзяў таму ў нас пачалі зваць Кот д’Івуар, захоўваючы францускі ўзор.

Пярун не рабіў сэлфікаў

У нашых паўночна-заходніх суседзяў — літоўцаў — бытуе дзьве назвы Беларусі. Дзяржаўная камісія літоўскай мовы (пастанова № 48 ад 26.01.1995 г. «Пра назвы дзяржаваў») пастанавіла афіцыйна называць нашу дзяржаву Baltarùsijos Respubli­ka, але ў якасьці кароткіх традыцыйных назваў краіны ўжываць Gùdija ці Baltarùsija — менавіта ў такім парадку.

Афіцыйная Baltarusija [Балтарýсія] зноў-такі значыць даслоўна «Белая Расея». Хаця гучаць галасы, што больш правільна, без намёку на Расею было б Baltarusia [Балтаруся́].

А вось у слова Gudija сапраўды архаічны корань.

Выдатны літоўскі мовазнаўца, індаэўрапеіст Казімерас Буґа пісаў, што словам gudas у літоўскіх дыялектах называюць іншапляменцаў, таксама і літоўцаў, але «іншых»: для жамойтаў gudas — кожны літовец на ўсход ад Жамойці, для жыхароў Малой Літвы «ґудамі» былі літоўцы Сувальскага краю. Пазьнейшыя дасьледнікі заўважылі, што словам gudas у гаворках маглі назваць і немаўля (называлі ж славяне «немцамі» тых, хто «нямы» — не гаворыць або гаворыць «ня так»).

Жыхары Ўсходняй Літвы — дзукі — «ґудамі» называлі сваіх суседзяў беларусаў. К. Буґа зафіксаваў у вуснах літоўскамоўных насельнікаў Троцкага павету і назву краіны славянамоўных суседзяў — Gùdo šalìs, даслоўна «краіна Ґуда» ці то «Ґудава краіна».

Ён выводзіў слова gudas ад старажытнай саманазвы германскага народу ґотаў (якія сапраўды праходзілі нашымі землямі) і лічыў, што пасьля сыходу ґотаў слова абазначала ўсякага славянамоўнага — крывіча ці паляка. Менавіта Буґа прадпісаў літоўцам называць беларусаў ды Беларусь словамі гэтага кораню.

У Беларусі і Літве мноства тапонімаў і прозьвішчаў з гэтым коранем (Гудзевічы, Гудагай, Гуд, Ґудавічус).

Слова gudas ёсьць у розных прыказках, не заўсёды прыемных; найбольш вядомая — старадаўны заклён Perkūne dievaiti, nemušk žemaitį, bet mušk gudą, kaip šunį rudą («Пяруне, божачка, ня бі жамойта, а бі ґуда, як сабаку рудога»). Невядома, каго той жамойцкі Пярун лічыў ґудамі і адпаведна лупіў пасьля такіх малітваў: відэа не захавалася. Можа аўкштайтаў і дзукаў.

У кожным разе літоўская мова мае традыцыю, замацаваную міжваеннай практыкай, называць Беларусь словам Gudija.

Белакрывія

Латышы называюць Беларусь імем Baltkrievija. І хаця ў слове чуваць мілы нашаму вуху крывіцкі корань, але гістарычна (з нашага гледзішча спрэчна) латышы перанесьлі найменьне найбліжэйшага да іх славянамоўнага племя крывічоў на маскавітаў. Расея — Krievija. Значыць, і па-латыску мы «Белая Расея». Падобна па-эстонску Valgevene, па-фінску Valko-Venäjä (яшчэ і праз злучок!), па-вугорску ці то венгерску, па-турэцку, па-грэцку (Λευκορωσία, у якой чуваць белыя леўкацыты і ляўкас, а таксама Расію).

Цікава, што іншыя гэнэтычна і геаграфічна няблізкія мовы як могуць зьберагаюць блізкасьць да нашае саманазвы. Гэта крымскататарская (адрозна ад турэцкай), гэта ўсе кельцкія (An Bhealarúis па-ірляндзку), гэта японская — ベラルーシ [Berarūshi], слова не рыфмуецца зь японскаю назваю Расеі [Roshia].

Вядома, кожная мова мае права на свае гукавыя ды словаўтваральныя асаблівасьці. У гэтым сэнсе ўкраінцы, як мне здаецца, зрабілі прадумана. Яны памянялі ранейшую «Білорусію» на Білорусь. Г. зн. і зьбераглі характэрную рысу сваёй фанэтыкі, і пазьбеглі рыфмаваньня з словам Росія. Але, скажам, славянскія мовы былой Югаславіі завуць нашу краіну Белорусиjа ці падобна. Па-чэску, славацку, кашубску, на сэрбалужыцкіх мовах будзе Bělorusko і аналягічна. Усе такія назвы суадносяцца з назваю Расеі ў тых мовах.

Цяпер людзі зьбіраюцца подпісы, а нават ушчынаюць судовыя справы за тое, каб у расейскай мове пасьлядоўна ўжывалася форма Беларусь, а не «Белоруссия». Але праблема ня толькі ў расейскай мове, на факты якой мы рэагуем больш эмацыйна — і таму, што яны вялікія ў сэнсе памеру суседзі, і таму, што яны былыя калянізатары, а значыць, мелі б з большай пашанай ставіцца да нашых тапанімічных пажаданьняў.

Зрэшты, калі самі будзем шанавацца як народ з сваёй мовай — тады і ад іншых будзе болей увагі й пашаны.

Што скажа Карл XVI Густаў

Вярнуся да нобэлеўскіх навінаў. У сьнежні ў Стакгольме Сьвятлана Алексіевіч прачытае Нобэлеўскую лекцыю і атрымае з рук Яго Каралеўскай Міласьці Карла XVI Густава Нобэлеўскія ўзнагароды.

Ляўрэат мае пэўную маральную ўладу. Раптам сп-ня Алексіевіч распарадзіцца малой частачкай тае ўлады, выканае функцыю беларускай амбасады (якая маўчыць на гэтую тэму) і папросіць гаспадароў цырымоніі — а можа і самога караля — назваць па-швэдзку нашу краіну імем Belarus. (А сапраўды паваротнаю падзеяй была б лекцыя беларускай Нобэлеўскай ляўрэаткі па-беларуску...)