Сваякі абвінавачанага ў зьбіцьці гея напалі на журналістаў у судзе

Your browser doesn’t support HTML5

Напад на журналістаў у судзе ў Менску

Сваякі Дзьмітрыя Лукашэвіча, якога судзяць па абвінавачаньні ў зьбіцьці менчука Міхаіла Пішчэўскага, напалі на журналістаў, якія паспрабавалі зьняць абвінавачанага.

Суд забараніў відэаздымкі на працэсе, але сваякі абвінавачанага вырашылі, што забарона распаўсюджваецца і на час, калі працэс не ідзе. Пасьля абвяшчэньня перапынку ў судовым паседжаньні журналіст Аляксандар Баразенка ўключыў камэру, каб зрабіць здымкі, аднак на яго напалі сваякі абвінавачанага. Карэсапндэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч пачаў здымаць гэты інцыдэнт — і сам стаў аб’ектам нападу з боку сястры абвінавачанага і яе мужа. Усё гэта адбывалася пры ўключанай відэакамэры.

Міхаіл Пішчэўскі быў зьбіты 25 траўня каля менскай кавярні «Андэрволд» пасьля канфлікту на глебе варожага стаўленьня да геяў. У выніку траўмы галавы Міхаілу Пішчэўскаму былі вымушаны зрабіць апэрацыю і выдаліць 20% мозгу. Фактычна дагэтуль ён не аднавіў прытомнасьць. Абвінавачаны Дзьмітры Лукашэвіч у судзе папрасіў прабачэньня ў сваякоў пацярпелага. Суд спачатку прысудзіў Лукашэвічу 2 гады і 8 месяцаў. Цяпер пасьля задавальненьня касацыйнай скаргі маці пацярпелага справа пераглядаецца зноў.