Фэдэральная камунікацыйная камісія ЗША (FFC) прагаласавала 14 сьнежня за скасаваньне правіла «інтэрнэт-нэўтральнасьці» («net neutrality»), перадае «Голас Амэрыкі».
Прыхільнікі скасаваньня перамаглі зь перавагай 3 супраць 2: рэспубліканцы былі за скасаваньне, дэмакраты – супраць. Асобным штатам забаронена прымаць уласныя рашэньні наконт «інтэрнэт-нэўтральнасьці».
Правілы «інтэрнэт-нэўтральнасьці» значаць, што правайдэры павінны даваць роўны доступ да любога кантэнту, няхай гэта будуць інтэрнэт-гіганты накшталт Google ці Facebook або лякальныя выданьні кшталту «Тузіна Гітоў» ці «Газэты Слонімскай», не даваць большым кампаніям прыярытэту (напрыклад, за плату ад кампаніяў) і не запавольваць доступ да меншых сайтаў (напрыклад, калі яны самі ці іх карыстальнікі не даплоцяць). Такія правілы былі нефармальна прынятыя больш як 30 гадоў таму, а фармалізаваныя ў 2015 годзе пры прэзыдэнце Бараку Абаму.
Старшыня FFC Аджыт Пай (Ajit Pai), прызначаны Дональдам Трампам, казаў, што інтэрнэту не патрэбна ўрадавае рэгуляваньне, а патрэбны «лёгкі» і «рынкавы» падыходы, а таксама казаў, што ад гэтага «выйграюць спажыўцы і вынаходнікі». Але прадстаўніца FFC з Дэмакратычнай партыі Мінё Клайбэрн (Mignon Clyburn) заявіла, што FFC «перадала ключы ад інтэрнэту» «купцы карпарацыяў-мільярдэраў».
Брытанскі інжынэр Цім Бэрнэрс-Лі (Tim Berners-Lee), якога называюць адным з «бацькоў усясьветнага павуціньня», заявіў, што адмова ад «інтэрнэт-нэўтральнасьці» значыць, што правайдэры «атрымаюць права вырашаць, якія сайты вы можаце адкрыць і на якой хуткасьці», што яны «змогуць вырашаць, якія кампаніі будуць пасьпяховыя онлайн, чые галасы будуць пачутыя, а чые – здушаныя».
Рашэньне наконт «інтэрнэт-нэўтральнасьці», верагодна, не набудзе сілу ў найбліжэйшы час: чыноўнікі з шэрагу штатаў, у тым ліку Вашынгтону і Нью-Ёрку, заявілі, што будуць аспрэчваць рашэньне FFC у судзе.