9 сьнежня Першамайскі суд Менску аштрафаваў на 50 базавых велічынь грамадзкага актывіста Леаніда Кулакова.
Актывіста пакаралі за ўдзел у пікетаваньні Менскага гарадзкога суду 24 кастрычніка. Акцыя праводзілася ў абарону блогера Эдуарда Пальчыса. Гэта ўжо трэцяе пакараньне Леаніда Кулакова за пікет у абарону Пальчыса. Раней яго штрафавалі на 50 і 40 базавых велічынь.
«Сродкаў на выплату штрафаў у мяне няма, таму я прасіў судзьдзю ў выпадку прызнаньня мяне вінаватым даць адміністрацыйны арышт. Але не, зноў аштрафавалі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Леанід Кулакоў.
Блогера Эдуарда Пальчыса судзілі ў канцы кастрычніка. Цягам усяго працэсу пад будынкам суду праходзілі пікеты салідарнасьці. Паводле ўдзельніка акцыяў, палітыка Паўла Севярынца міліцыянты склалі на пікетоўцаў звыш 70 пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных мерапрыемствах. Суды над пікетоўцамі пачаліся ў лістападзе і працягваюцца дагэтуль.