Суд Цэнтральнага раёну Гомля адхіліў пазоў прэзыдэнта Ўсясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якава Гутмана да Гомельскага гарвыканкаму, а таксама Мазырскага райвыканкаму. Гутман прасіў у пазове адмяніць рашэньні ўладаў пра будаўніцтва жылых дамоў на былых габрэйскіх могілках.
«Паводле вызначэньня судзьдзі Вольгі Вараненкі, я нібыта ня маю права падаваць такі пазоў у суд, калі ён ня можа разглядацца ў судах з прычыны яго непадведамнасьці. Вызначэньне не набыло юрыдычнай моцы, і цяпер разглядаецца мажлівасьць яго абскарджваньня. Беларусь узяла на сябе міжнародныя абавязаньні захоўваць месцы былых могілак усіх нацыянальных, рэлігійных і этнічных груп насельніцтва як культурную спадчыну», — сказаў Свабодзе спадар Гутман.
Гаворка ў пазове ідзе пра ўзьвядзеньне 18-кватэрнага дома на вуліцы Сожаўскай, 5 у Гомлі ды шматпавярховага дома з комплексам бытавых пабудоваў на вуліцы Пушкіна, 14, 14а, 14б у Мазыры. На гэтых месцах раней былі габрэйскія могілкі.