Менскі гарадзкі суд прызнаў Яўгена Рагачова, Уладзімера Міхайлюка і Ўладзіслава Лембіеўскага вінаватымі ў службовых злоўжываньнях з нанясеньнем дзяржаве вялікіх стратаў і пакараў іх зьняволеньнем без канфіскацыі маёмасьці з адтэрміноўкай на 3 гады, але з забаронай цягам 5 год займаць кіроўныя пасады.
Рагачова і Міхайлюка асудзілі на 4 гады з адтэрміноўкай, Лембіеўскага — на 3 гады з адтэрміноўкай. Усіх трох вызвалілі пад воплескі ў судовай залі.
Суд пастанавіў таксама вярнуць падсудным маёмасьць, якая была ў іх часова арыштаваная. У тым ліку Яўгену Рагачову суд вярнуў грошы, тры зямельныя ўчасткі, пабудовы на іх і тры аўтамабілі, у тым ліку «Мэрсэдэс» і грузавік ЗІЛ.
Рагачоў, Міхайлюк і Лембіеўскі былі арыштаваныя супрацоўнікамі КДБ яшчэ ў лістападзе 2015 году, з таго часу іх утрымлівалі спачатку ў «амэрыканцы», потым у СІЗА на Валадарскага. З пасады Рагачова зьнялі 4 сьнежня 2015 году з фармулёўкай «у сувязі з учынкам, несумяшчальным са знаходжаньнем на дзяржаўнай службе». Суд над высокапастаўленымі чыноўнікамі цягнуўся 5 месяцаў. Былы першы намесьнік міністра транспарту Яўген Рагачоў, былы намесьнік начальніка ўправы Беларускай чыгункі Міхалюк і намесьнік дырэктара «Белінтэртранса» Лембіеўскі, паводле суду, нанесьлі дзяржаве стратаў больш як на 200 тысяч даляраў. Сваёй віны, аднак, не прызналі.
Адвакаты падсудных сказалі, што яшчэ ня ведаюць, ці будуць іх падабаронныя абскарджваць прысуд. Рагачоў пасьля суду ад камэнтароў для прэсы адмовіўся. Пра свае далейшыя пляны Рагачоў сказаў: «Плянаў у мяне заўсёды было шмат, сядзець бяз працы ня буду».
Паводле назіральнікаў за працэсам, справа Рагачова-Міхайлюка нагадвае справы былога дырэктара "Барысаўдрэва" Мальцава і дырэктаркі віцебскай птушкафабрыкі Шарэйкі, дзе таксама кіраўнікі былі прызнаныя вінаватымі ў службовых злоўжываньнях, але пакараньні атрымалі або нязначныя, або з адтэрміноўкай. Паказальна і тое, што пры максымальнай санкцыі ў 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле 3 часткі 424 артыкула, які інкрымінаваўся Рагачову, Міхайлюку і Лембіеўскаму, пракурор прасіў для іх тыя ж тэрміны з адтэрміноўкай, якія ў выніку даў суд.