Баранавіцкага актывіста Рыгора Грыка судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася 28 лютага ў Менску. Грык віны не прызнае, суд перанесьлі, хоць актывіст і прапанаваў асудзіць яго хутчэй.
На першым судовым паседжаньні судзьдзя Баранавіцкага суду Вольга Копач выслухала тлумачэньні Рыгора Грыка наконт удзелу ў акцыі прадпрымальнікаў. Паводле пратаколу, Грык «прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, без дазволу Менгарвыканкаму», што выявілася ў «выкрыкваньні лёзунгаў».
Рыгор Грык патлумачыў суду, што ніякіх лёзунгаў ён не выкрыкваў, а фактычна зусім маўчаў:
«У Менску праводзіўся мітынг, а не пікет. Там было шмат людзей, я палічыў, што гэта дазволенае мерапрыемства, таму што ў нашай дзяржаве не дазваляюць праводзіць ні пікетаў, ні мітынгаў. Калі шмат людзей, то я палічыў, што там дазволены мітынг. Я проста праходзіў побач і пабачыў, што там адбываецца мітынг. Я нічога не парушаў, міліцыянты да мяне не падыходзілі. Стаяў на прыступках, не парушаў закону, не крычаў, не брыдкасловіў. Пратаколы пры мне на мяне не складаліся. Гэты пратакол я ня ведаю, адкуль узяўся і чаму мяне судзяць».
Баранавіцкі ўкраінец Рыгор Грык прамаўляў на судзе па-беларуску. Судзьдзя Вольга Копач, зьвярнуўшы на гэта ўвагу, часткова размаўляла з актывістам на беларускай мове.
«Вас тады затрымлівалі, не?» — запыталася па-беларуску баранавіцкая судзьдзя.
«Я ж кажу, што ніколі, калі я быў у Менску, мяне ніхто не затрымліваў. У той дзень да мяне ніхто не падыходзіў і заўвагі не рабіў», — патлумачыў Грык.
«Хачу дадаць тое, што ёсьць такая прыгожая кніжка, якая называецца Канстытуцыя, паводле якой я нічога не парушыў. Там напісана, што я маю права выказвацца, ці стаяць, ці сядзець, ці нешта гаварыць. І ёсьць Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека — паводле якой дазволена чалавеку выказваць свае думкі і пратэст, чаго няма ў гэтай краіне, таму што мы ў канцлягеры жывём», — казаў суду Рыгор Грык, трымаючы ў руках Канстытуцыю і Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.
Калі судзьдзя агучыла, што давядзецца перанесьці суд, каб выклікаць зь Менску сьведак-міліцыянтаў, якія складалі пратакол на Грыка, актывіст прапанаваў гэтага не рабіць, каб не зацягваць справу:
«І так шмат часу ў вас забіраем. Можа, бязь іх мяне засудзіце, ды ўсё, калі мы не жывём па Канстытуцыі», — сказаў Грык.
«Вы прызнаяце віну, Грык?» — спыталася судзьдзя.
«Я не прызнаю віны, але я ведаю, што ў нас так робіцца», — адказаў Грык.
Суд доўжыўся каля 15 хвілін. Судзьдзя Вольга Копач вырашыла адкласьці паседжаньне да 14:30 31 сакавіка.
Рыгор Грык удзельнічаў у шмат якіх акцыях апазыцыі як у Баранавічах, так і ў Менску. Журналісты называюць Грыка «актывістам у канцлягернай робе» за тое, што на акцыі ён прыходзіць у вопратцы, стылізаванай пад робу вязьня канцлягера.Пасьля акцыяў Рыгору Грыку на баранавіцкіх прадпрыемствах адмаўляюць у працаўладкаваньні, таму доўгі час ён ня можа знайсьці працу.