Прызначаны суд над партнэрам Чыжа Япрынцавым і ягоным сынам

Уладзімір Япрынцаў

Былога намесьніка кіраўніка групы кампаній «Трайпл» Уладзімера Япрынцава і ягонага сына Казбэка абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва вялікім памеры, якое зьдзейсьнена арганізаванай групай. Разам з бацькам і сынам Япрынцавымі на лаве падсудных апынецца былы супрацоўнік групы кампаній «Трайпл» Аляксандар Арабян. Працэс пачнецца 4 ліпеня ў Цэнтральным раённым судзе Менска.

Першыя зьвесткі пра арышт саўладальніка «Трайпла» Ўладзімера Япрынацава зьявіліся ў 19 жніўня 2015 году. Распавядалася, што Япрынацава-старэйшага затрымалі пасьля прылёту з Масквы, апэрацыя праходзіла з удзелам«маскі-шоў» – гэта значыць спэцназу. На наступны дзень крыніцы ў інтэрнэце паведамілі пра затрыманьне таксама і сына Япрынацава Казбэка, мэнэджэра кампаніі «Трайпл», які таксама зьяўляецца сузаснавальнікам IT-кампаніі. Сьцьвярджалася, што яго падазраюць у фінансавых злачынствах на мільёны даляраў.

У сьнежні 2015 году старшыня КДБ пацьвердзіў арышт Уладізмера Япрынцава і паведаміў, што вядомага бізнэсоўцу абвінавачваюць у махлярстве.

Ужо пасьля арышту ў сакавіку 2016 года асноўнага ўладальніка «Трайпла» мільярдэра Юрыя Чыжа стала вядома, што гэта ён разам з двума партнэрамі зьвярнуўся ў праваахоўныя органы з заявай на дзеяньні Ўладізімера Япрынцава. Пра гэта мэдыям таксама паведаміў старшыня КБД.

Архіўнае відэа. Пракапеня ўжо вызвалены

Назіральнікі не выключаюць, што арышт Юрыя Чыжа мог быць зьвязаны з той рольлю, якую ён выканаў у затрыманьні Ўладзімера Япрынцава.

Днямі расьсьледаваньне крымінальнай справы Юрыя Чыжа, якога абвінавачваюць у нясплаце падаткаў у асабліва вялікім памеры, працягнулі яшчэ на 3 месяцы.

Уладзімер Япрынцаў вядомы таксама як спартовец. Ён трохразовы чэмпіён сьвету па самба, трохразовы чэмпіён Эўропы па самба. Быў віцэ-прэзыдэнтам Эўрапейскай асацыяцыі самба, старшынёй Беларускай фэдэрацыі самба і Беларускай фэдэрацыі дзюдо.

Імя Казбэка Япрынцава ў беларускіх і ўкраінскіх мэдыях згадвалася летась у сувязі са скандалам вакол угоды з закупкай нафты ва ўкраінскай фірмы, пасьля чаго зьніклі вялікія грошы.

Ці будзе гэты эпізод фігураваць у справе, якую пачнуць разглядаць 4 ліпеня ў Цэнтральным судзе Менска, невядома. Працэс будзе адкрытым.