9 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці запатрабаваў пракурор для Аляксандра Рымашэўскага, былога старшыні Салігорскага райвыканкаму, якога судзяць паводле артыкула аб хабарніцтве. Амаль двухмесячны працэс падышоў да заканчэньня, завяршыліся судовыя спрэчкі, але ў назіральнікаў пытаньняў засталося больш, чым адказаў.
Абаронца Аляксандра Рымашэўскага, менскі адвакат Дзьмітры Гарачка абвінаваціў сьледчых і супрацоўнікаў, якія затрымлівалі экс-чыноўніка, у фальшаваньні доказаў.
Нібыта браў адкаты за вяртаньне даўгоў
Паводле фабулы справы, экс-старшыня Салігорскага райвыканкаму 4 разы цягам 2016–2017 гадоў атрымаў каля 17 тысяч даляраў хабару ад прадстаўніка фірмы «Белрасаграсэрвіс» Уладзімера Міхалюка.
Грошы перадаваліся нібыта за дапамогу ў пагашэньні запазычанасьці гаспадарак перад камэрцыйнай арганізацыяй. Адвакат Гарачка кажа, што ў судзе выявілася іншае: запазычанасьць перад фірмай ня зьменшылася, а наадварот, павялічылася. А зьвесткі Міхалюка пра «адкаты», якія ад яго нібыта патрабаваў Рымашэўскі, нічым не пацьверджаныя. Сапраўды, у справе не фігуруе ніводнага відэа- ці аўдыёзапісу, дзе б кіраўнік салігорскай вэртыкалі размаўляў зь Міхалюком пра хабар.
«Тры з чатырох эпізодаў хабару — гэта нічым не пацьверджаныя словы Міхалюка. У судзе стала відавочна, што яны дакумэнтальна нічым не пацьверджаныя», — сказаў карэспандэнту Свабоды Гарачка.
Але што з доказамі па чацьвёртым эпізодзе, які можа пераважыць усе астатнія? Адвакат прывёў аргумэнты на карысьць таго, што гэты эпізод зьявіўся ў справе незаконна, а доказы ў ім сфабрыкаваныя.
Праверка на дарозе
Сёлета 30 траўня Аляксандра Рымашэўскага затрымалі на дарозе і праверылі ягоны аўтамабіль. У канвэрце, укладзеным у дарожны атляс, знайшлі 2700 даляраў, нібыта атрыманых ад Міхалюка. Але на судовым сьледзтве, калі паказалі відэа агляду машыны, усе пабачылі, што спачатку канвэрта з хабарам у атлясе няма, ён зьяўляецца толькі ў другой частцы запісу.
Абаронца зьвярнуў увагу суду на тое, што відэазапіс агляду аўтамабіля перарываўся, прычым сьледчыя ў пратаколе не пазначылі, што быў перапынак ажно 44 хвіліны. Выявіць праўду пра ход экспэрымэнта дапамог сьведка агляду Ларкін, які апісаў увесь працэс.
«У аднаго панятога хапіла сумленьня, і ён расказаў суду, як той канвэрт з грашыма зьявіўся, — кажа Гарачка. — Аказваецца, калі спынілі відэаздымку, адзін з супрацоўнікаў адчыніў дзьверы кабіны з боку кіроўцы, дацягнуўся да пасажырскага крэсла, нешта там паварушыў, пасьля чаго здымкі аднавілі. І вось нам паказваюць канвэрт з грашыма. Проста кажучы, хабар быў падкінуты. Лічу, што зьяўленьне гэтага „доказу“ адбылося з найгрубейшымі парушэньнямі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу».
Падманулі прэзыдэнта?
Гарачка мяркуе, што праваахоўнікі падманулі Аляксандра Лукашэнку, калі атрымлівалі ад яго дазвол на прыцягненьне да адказнасьці Рымашэўскага. Чыноўнік уваходзіў у кадравы рэестар прэзыдэнта, і без адпаведнага дазволу нельга было ні праслухоўваць ягоныя тэлефоны, ні тым больш «экспэрымэнтаваць» з хабарам.
Паводле суразмоўцы, на судзе ўскрыліся факты, якія даводзяць, што Міхалюк папросту агаварыў Рымашэўскага, калі сам папаўся на хабарніцтве. Далей, каб самому пазьбегнуць адказнасьці, ён пагадзіўся даваць любыя паказаньні і праводзіць патрэбныя сьледчыя экспэрымэнты. Паводле абаронцы Рымашэўскага, ужо потым апэратыўнікі падманвалі сваё начальства, каб атрымаць дазвол на сачэньне за кіраўніком Салігорскага выканкаму, што абяцала гучнае раскрыцьцё.
«Артыкулы 19 і 36 Закону аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці кажуць, што ўсе адпаведныя дзеяньні, якія тычацца асобы, што знаходзіцца ў кадравым рэестры прэзыдэнта, могуць праводзіцца са згоды прэзыдэнта і санкцыі генпракурора. У ніводным з пратаколаў апэратыўна-вышуковай дзейнасьці ў справе няма спасылкі на тое, што атрымана згода прэзыдэнта. Мы ня просім, каб нам такі дакумэнт паказалі, але нязгадваньне яго дазваляе сумнявацца, што ён быў атрыманы. Таму ўсе тэлефанаваньні і схаванае відэаназіраньне як доказы ня могуць быць пакладзеныя ў аснову прысуду, бо гэтыя доказы атрыманыя з парушэньнем закону», — заявіў Гарачка ў судзе.
А як жа прызнаньне віны?
Ахілесавай пятой справы назіральнікі лічаць тое, што падчас папярэдняга сьледзтва чыноўнік прызнаў віну ў хабары паводле аднаго эпізоду і толькі потым адмовіўся ад паказаньняў. Тлумачыў гэта псыхалягічным ціскам на яго з боку праваахоўнікаў. Адвакат Гарачка зьвярнуў увагу суду на тое, што ціск працягваўся нават тады, калі справу перадалі ў суд — Рымашэўскага ў ізалятары шмат разоў наведвалі супрацоўнікі структуры, якая пачынала ягоную справу.
Таксама Гарачка спаслаўся на пленум Вярхоўнага суду, які пастанавіў: нават пры прызнальных паказаньнях абвінавачанага суд павінен кіравацца найперш тым, ці ёсьць дакумэнтальныя доказы ягонай віны.
Шмат увагі ў судовых спрэчках адвакат аддаў асобе экс-старшыні Салігорскага райвыканкаму. Абаронца заўважыў, што ў таго не аказалася маёмасьці і нерухомасьці, якія б ускосна сьведчылі пра дадатковыя прыбыткі. Доўгі час Рымашэўскі жыў у Салігорску ў звычайнай службовай кватэры, а дом у Копыльскім раёне, куды ён пазьней пераехаў пасьля рамонту на грошы ад крэдыту, нельга назваць шыкоўным.
Таксама адвакат спаслаўся на сьведак у працэсе, якія станоўча выказваліся пра дзелавыя і чалавечыя якасьці Рымашэўскага і абвяргалі падазрэньні ў вымаганьні нейкага хабару.
Апошняе слова Рымашэўскага на працэсе прагучыць у Менскім абласным судзе 4 сьнежня. Назіральнікі не выключаюць, што ў той жа дзень будзе агучаны і прысуд былому старшыні Салігорскага райвыканкаму.