Ад пачатку кастрычніка ў Беларусі пачалі зьяўляцца ў продажы пачкі цыгарэтаў з малюнкамі-папярэджаньнямі пра магчымыя наступствы паленьня цыгарэт. Да канца году пачкі са «страшнымі малюнкамі» маюць цалкам замяніць ранейшыя.
«Страшны» пачак, што трапіўся карэспандэнту Свабоды, быў выраблены ў Расеі. Ці пачалі беларускія вырабнікі наносіць «страшныя малюнкі» на пачкі, невядома.
Непрыемныя выявы займаюць палову плошчы пачку наперадзе і ззаду. Папярэджаньне вялікімі літарамі напісанае наперадзе пачку па-беларуску, ззаду — па-расейску. У ліку папярэджаньняў — «Парадантоз», «Гангрэна», «Імпатэнцыя», «Рак лёгкага», «Мёртванароджанасьць» і «Пакутніцкая сьмерць».
«Гэта зроблена для таго, каб ня ўводзіць спажыўца ў зман. Бо многія лічаць, што „лёгкія“ цыгарэты робяць меншую шкоду здароўю. Гэта памылковая выснова», — тлумачыла раней загадчыца рэдакцыйна-выдавецкім аддзелам менскага гарадзкога цэнтра здароўя Аляксандра Лагун.
Такія патрабаваньні да пакункаў і маркіроўкі тытунёвых вырабаў прапісаны ў тэхрэглямэнце Мытнага саюзу. Падобныя правілы набылі сілу таксама ў Эўразьвязе.
Згодна з дакладам (PDF) Усясьветнай арганізацыі здароўя, беларусы — у лідэрах Эўропы па ўжываньні тытунёвых вырабаў на чалавека (пасьля Расеі, Грэцыі і Ўкраіны). Тым жа часам Беларусь лідзіруе ў Эўропе па колькасьці самагубстваў і спажываньні алькаголю.