Свабода атрымала копію справаздачы аб дзейнасьці ЭГУ, зробленай міжнароднай кампаніяй Deloitte, якая аказвае паслугі ў галіне кансалтынгу і аўдыту.
5 жніўня 2015 году ў літоўскае прадстаўніцтва Deloitte («Дэлойт») зьвярнуліся прадстаўнікі Паўночнай рады міністраў (Nordic Council of Ministers Office in Lithuania) і Траставага фонду Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (Trust Fund EHU) — у дакумэнце яны пазначаныя як кліенты (Client) — з просьбай правесьці аўдыт спэцыяльных карпаратыўных працэдур кіраваньня і трансакцыяў, якія маюць дачыненьне да ЭГУ.
Справаздача, датаваная 22 кастрычніка 2015 году, утрымлівае амаль 50 старонак, у ёй шмат табліц, лічбаў.
У справаздачы некалькі разьдзелаў: падсумаваньне, аналіз працэсу абраньня рэктара, разгляд трансакцыяў і кантрактаў, а таксама рэкамэндацыі: як зрабіць працэдуры кантролю над выдаткамі празрыстымі і адкрытымі, якія павінны адбыцца перамены.
У прыватнасьці, Deloitte зьвяртае ўвагу на непразрыстасьць выбараў рэктара.
«Фармальна разглядаліся 7 кандыдатаў на пасаду рэктара. Але Выбарчы камітэт абраў кандыдатуру спадара Поліка, нягледзячы на адсутнасьць досьведу працы ў постсавецкіх краінах, у тым ліку і адсутнасьць валоданьня беларускай і расейскай мовамі», якія, дарэчы, былі адзначаныя самім Выбарчым камітэтам як прыярытэтныя пры абраньні рэктара.
Deloitte кажа, што атрымаў копіі рахункаў, якія спадар Полік нібыта адсылаў аднаму з былых донараў ЭГУ ў парушэньне правілаў ЭГУ.
Падае справаздача і некаторыя артыкулы выдаткаў ЭГУ. Напрыклад, Генэральная асамблея заснавальнікаў 19 верасьня 2014 году прызначыла выканаўцу абавязкаў рэктара Дэйвіду Поліку на час да выбараў рэктара гадавы заробак 229 560 эўра. Калі спадар Полік стаў рэктарам, ягоны гадавы заробак стаў значна меншы — цяпер ён складае 60 тысяч эўра (плюс па выніках працы ён можа атрымліваць бонусы і прэміі ў суме да 30 тысяч эўра). Шмат інфармацыі пра транспартныя выдаткі Поліка і іншых асобаў з кіраўніцтва ЭГУ: толькі ў ліпені 2015 году ў двух сябраў Кіроўнай рады яны склалі 52 080 даляраў.
Deloitte рэкамэндуе вызначыць для выбараў кіраўніцтва ЭГУ дэталёвыя правілы. Яны павінны забясьпечыць уніфікаваны і празрысты падыход, а таксама больш актыўнае ўцягваньне ўсіх заснавальнікаў, донараў унівэрсытэту. Таксама Deloitte раіць узмацніць кантроль з боку Траставага фонду і донараў.
Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Максімас Мілта сказаў Радыё Свабода, што сваю афіцыйную пазыцыю адносна дакумэнта кампаніі Deloitte Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт выказаў яшчэ 9 сакавіка, апублікаваўшы на сваім сайце «Афіцыйнае паведамленьне аб стане аўдытарскіх працэсаў у ЭГУ».
У прыватнасьці, там гаворыцца:
«У кастрычніку 2015 году кампанія Deloitte Lithuania прадставіла чарнавы праект аўдытарскай справаздачы, якая, на вялікі жаль, была падрыхтаваная без правядзеньня неабходных кансультацыяў са старшынём або намесьнікам старшыні Кіроўнай рады ЭГУ. Калі такія кансультацыі ўсё ж адбыліся б, аўдытарам стала б вядома, што пазначаныя ў праекце справаздачы „зьнешнія выплаты“ фактычна зьяўляліся кампэнсацыяй за канкрэтныя прафэсійныя выдаткі па транспарце і жыхарстве, якія мелі дачыненьне да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, што ў далейшым было прызнана і падчас працэсу аўдыту Deloitte Lithuania. Такім чынам, чарнавы варыянт справаздачы зьяўляўся няпоўным і меў шэраг супрацьлеглых сьцьверджаньняў. У бліжэйшай будучыні адноўленая і выпраўленая вэрсія аўдытарскай справаздачы будзе прадстаўлена да публікацыі, з чым разьлічвае адпаведным чынам азнаёміцца і супольнасьць ЭГУ».
У камэнтары для Радыё Свабода Максімас Мілта адзначыў:
«На працягу гэтага акадэмічнага году было праведзена 4 ці 5 аўдытаў (і фінансавага становішча, і апэрацыйнага абсталяваньня). Гэта стандартная працэдура, кожны з донараў праводзіць свае аўдыты.
Што тычыцца аўдыту, які быў замоўлены міжнароднай кампаніі Deloitte, то дакумэнт, які вы маеце на ўвазе, не зьяўляецца фіналізаванай вэрсіяй. Па-другое, што самае істотнае: да гэтага дакумэнта ёсьць вялізныя пытаньні адносна яго аўтэнтычнасьці і праўдзівасьці. Бо прычыны, каб такое ўплывовае агенцтва, як SIDA — Швэдзкае агенцтва па міжнародным разьвіцьці і супрацоўніцтве — замаўляла асобныя аўдыты, якія выканала KPMG Sweden у лютым-сакавіку 2016 году, ёсьць. Гэта яшчэ раз адлюстроўвае, што дакумэнт, пра які вы кажаце, не фіналізаваны і не публічны, бо праўдзівасьць, дакладнасьць многіх дадзеных выклікае вялікія пытаньні ў значнай часткі нашых донараў».
Свабода накіравала запыт наконт сапраўднасьці дакумэнта кампаніі Deloitte і ў Паўночную раду — раду міністраў замежных спраў краін Скандынавіі і Балтыі, якая быццам бы замаўляла аўдыт ЭГУ.
Прадстаўнік Паўночнай рады пацьвердзіў існаваньне гэтага дакумэнта. Інтрэрвʼю зь ім — неўзабаве чытайце на сайце Свабоды.
11 траўня Паўночная Рада прыняла рашэньне больш не фінансаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ).
Прычынай названая неабходнасьць рэструктурызаваць бюджэт, каб вызваліць сродкі для праграмаў інтэграцыі ўцекачоў і імігрантаў. У афіцыйным паведамленьні ёсьць і яшчэ адно тлумачэньне:
«Рашэньне спыніць фінансаваньне ЭГУ таксама грунтуецца на выніку працэсу, у якім абмяркоўваліся роля і стратэгія ўнівэрсытэту. Неаднаразовыя ўнутраныя падзелы ў ЭГУ таксама перашкаджалі яго дзейнасьці ў апошнія гады».
Некаторыя экспэрты выказваюць вэрсію, што менавіта вынікі аўдыту міжнароднай кампаніі Deloitte паўплывалі на рашэньне Паўночнай Рады спыніць фінансаваньне ЭГУ.