Спыненьне агню, адвод цяжкай тэхнікі, абмен палоннымі, дастаўка гуманітарных грузаў — такія асноўныя пытаньні, якія плянуюць абмеркаваць сёньня ў Менску на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы Украіна — Расея — АБСЭ.
Як паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, пачатак сустрэчы заплянаваны на 15 гадзін. Паводле рашэньня прадстаўнікоў кантактнай групы, яна пройдзе ў закрытым для журналістаў рэжыме.
Прадстаўніца АБСЭ Хадзі Тальявіні раней заявіла, што будуць абмяркоўвацца чатыры блёкі пытаньняў. Гэта спыненьне агню з усіх бакоў, адвод цяжкай тэхнікі, абмен палоннымі і дастаўка гуманітарных грузаў у падкантрольныя сэпаратыстам тэрыторыі — паведамляе «Інтэрфакс».
Прадстаўнікі Кіева неаднаразова заяўлялі, што настойваюць на выкананьні адпаведных менскіх дамоўленасьцяў ад 5 і 18 верасьня.
Паводле інфармацыі «Інтэрфаксу», інтарэсы так званай Луганскай народнай рэспублікі ў Менску будзе прадстаўляць Владислав Дейнего. Ад так званай Данецкай народнай рэспублікі ў Менск накіраваны Дзяніс Пушылін.
Паводле некаторых зьвестак, прадстаўнікі сэпаратысцкіх фармаваньняў будуць уздымаць на сустрэчы пытаньне пра адмысловы статус Данбасу і закон аб амністыі.
Сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў Менску пераносілася некалькі разоў. Дамоўленасьць пра яе правядзеньне 24 і 26 сьнежня была дасягнутая падчас тэлефонных размоў паміж Уладзімерам Пуціным, Ангелай Мэркель, Франсуа Аляндам і Пятром Парашэнкам 22 сьнежня.