Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што апраўдальны вырак Андрэю Бандарэнку вынесены дзякуючы ўвазе да гэтай справы праваабарончых арганізацый і грамадзкасьці.
— Але трэба адзначыць, што праблему наяўнасьці артыкула 411 (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) само па сабе гэта не вырашае. Мы патрабуем яго выключэньня з Крымінальнага кодэксу.
Бо сама канструкцыя артыкула дазваляе яго сэлектыўнае выкарыстаньне адносна любога зьняволенага, які непажаданы для адміністрацыі папраўчай калёніі. А таксама і ў палітычных мэтах. Бо яна прадугледжвае адказнасьць фактычна за тое, за што людзі ўжо былі пакараныя ў дысцыплінарным парадку.
Апроч усяго, вельмі сумнеўна з пункту гледжаньня права тое, што сукупнасьць дзеяньняў, якія самі па сабе не ўяўляюць грамадзкай небясьпекі, чамусьці стварае склад крымінальнага злачынства.
Умоўна кажучы, калі чалавек пяць разоў ляжаў на ложку, штораз яго прыцягвалі да дысцыплінарнай адказнасьці. Кожны з гэтых учынкаў не ўтварае грамадзкай небясьпекі. Не зьяўляецца злачынствам, адпаведна. А вось іх сукупнасьць ужо зьяўляецца.
Таму я лічу, што гэта проста анахранізм савецкага заканадаўства, калі гэты артыкул прымаўся менавіта для ўзьдзеяньня на асобаў, якія, на думку папраўчых установаў, ня вельмі добра сябе паводзяць".
— Перад працэсам праваабаронцы зрабілі заяву, што ў выпадку асуджэньня Андрэя Бандарэнкі прызнаюць яго палітвязьнем. Ці магло гэта паўплываць на рашэньне суду?
— Так, такая заява была зроблена супольна беларускімі праваабарончымі арганізацыямі. Мы лічым, што яго перасьлед ажыцьцяўляўся менавіта такім сэлектыўным, выбарачным мэтадам. Гэта зьвязвалі зь яго ранейшай праваабарончай дзейнасьцю.
— То бок улады спалохаліся, што зьявіцца новы палітвязень...
— Верагодна. Мы пра гэта казалі ўвесь час. Толькі ўвага грамадзкасьці і праваабарончых арганізацый прывяла да такога выніку. Бо калі мы назіралі за працэсам Дзядка — там абсалютна былі такія ж падставы, і тым ня менш спадар Дзядок за дзень-два да выхаду на волю быў асуджаны яшчэ на год пазбаўленьня волі. А самі абставіны былі абсалютна такія самыя.
Таму я ня думаю, што тут усё самастойна было вырашана судзьдзёй. Я ў такія рэчы ў прынцыпе ня веру, па такіх катэгорыях спраў, у дачыненьні да такіх людзей.
30 сакавіка суд у Магілёве апраўдаў праваабаронцу Андрэя Бандарэнку.