Дзе лепшыя дарогі, хто даўжэй жыве на пэнсіі і каму больш плацяць. Постсавецкія краіны ў гадавых лічбах

Цягам году «Настоящее время» зьбірала найважнейшую, на погляд рэдакцыі, статыстыку пра Расею, Украіну, Беларусь, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію, краіны Балтыі і цэнтральнаазіяцкага рэгіёну.​ Вынікі аналізу апублікаваныя ў спэцыяльным​ праекце.

Дарогі

Высьветлілася, што найлепшыя дарогі на постсавецкай прасторы — у Азэрбайджане, найгоршыя — у Малдове. Беларусь, Туркмэністан і Ўзбэкістан не былі адлюстраваныя ў справаздачы.

ВІЧ

У 2018 годзе зьявіліся сьвежыя зьвесткі пра новыя выпадкі заражэньня ВІЧ. Аказалася, што лідэр у тэмпах распаўсюджваньня хваробы — Расея. Другое і трэцяе месцы ў рэйтынгу «Настоящего времени» займаюць Украіна і Беларусь.

Бэнзін

Беларусь апынулася на сёмым месцы сярод краінаў постсавецкай прасторы паводле таннасьці паліва. На першым месцы — Туркмэністан, далей ідуць Азэрбайджан і Казахстан. Найдаражэйшае паліва ў краінах Балтыі, адразу за імі ў рэйтынгу — Украіна.

Мінімальны памер аплаты працы

Найвышэйшы мінімальны заробак (да сплаты падаткаў) — у жыхароў Эстоніі (583 даляры). На другім і трэцім месцах — Латвія (502 даляры) і Літва (467 даляраў).

Беларусь на шостым месцы ў рэйтынгу зь мінімальным заробкам у 150 даляраў. Замыкае рэйтынг Кіргізстан — тут за месяц працы вам могуць заплаціць 18 даляраў. Да вылічэньня падаткаў.

Колькі жывуць на пэнсіі

Паводле статыстыкі беларускія мужчыны ў сярэднім жывуць каля 6 гадоў пасьля выхаду на пэнсію, жанчыны — больш за 20 гадоў.