Выбары старшыні прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове, за Андрэя Бастунца прагаласавалі 74 з 75 дэлегатаў зьезду, адзін устрымаўся. А вось на пасады чатырох намесьнікаў старшыні было вылучана 8 прэтэндэнтаў. Перамаглі па выніках рэйтынгавага галасаваньня Аляксандар Старыкевіч, Аліна Суравец, Алег Агееў, Барыс Гарэцкі.
20 красавіка ў Менску прайшоў Х зьезд грамадзкага аб‘яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў».
Традыцыйнай справаздачы старшыні БАЖу не было. Выступілі куратары асноўных кірункаў працы БАЖ.
Юрыст Алег Агееў распавёў пра адстойваньне свабоды думкі і права на атрыманьне інфармацыі. Юрась Карманаў — пра адукацыйныя праграмы БАЖ, Аліна Суравец — пра дзейнасьць у рэгіёнах, Анатоль Гуляеў — працу камісіі па этыцы. У спрэчках выступілі паўтара дзясятка сябраў арганізацыі.
Дэлегаты зацьвердзілі стратэгію разьвіцьця аб‘яднаньня на 2018–2021 гады, прынялі іншыя дакумэнты і заявы.
Падчас абмеркаваньня зьменаў у Кодэкс журналісцкай этыкі большасьць дэлегатаў прагаласавалі за тое, каб Камісія па этыцы ў новым складзе распрацавала палажэньні кодэксу больш дэталёва. Такім чынам, папраўкі ў Кодэкс журналісцкай этыкі прынятыя не былі.
Пры вылучэньні кандыдатур на пасаду старшыні Жанна Літвіна, якая ачольвала БАЖ цягам 20 гадоў, нагадала, што Андрэй Бастунец кіруе арганізацыяй толькі адзін тэрмін — 3 гады, а ў краіне бязьзьменнай улады гэта зусім мала. Урэшце Бастунца абралі старшынём БАЖу яшчэ на 3 гады.
Беларуская асацыяцыя журналістаў была створана ўвосень 1995 году. Колькасьць сябраў на сёньняшні дзень — 1238. Цягам 20 гадоў — з 1995 па 2015 год — БАЖам кіравала Жанна Літвіна. На ІХ зьезьдзе 25 красавіка 2015 году старшынём грамадзкага аб’яднаньня быў абраны Андрэй Бастунец, 20 красавіка 2018 году яго пераабралі на другі тэрмін.