У судзе Цэнтральнага раёну Гомля 22 траўня абвясьцілі прысуды 18 фігурантам «справы мытнікаў», абвінавачаных у хабарніцтве.
Як піша БелаПАН, пад арыштам апынуліся амаль у поўным складзе апэратыўна-пошукавы аддзел і аддзел барацьбы з кантрабандай. Затрыманых абвінавацілі ў стварэньні арганізаванай групы, атрыманьні хабару на беларуска-расейскай мяжы, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі.
Названых арганізатарамі Аляксандра Ісачанку і Дзьмітрыя Пагарцава асудзілі на 11 з паловай і 13 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму (другі ўжо быў асуджаны на 7 гадоў турмы за наркотыкі), яны не прызналі віны. Таксама прызнаны арганізатарам Уладзімер Скрабоўскі атрымаў 5 гадоў турмы, бо прызнаў віну.
Астатнія фігуранты справы, якія не прызналі, атрымалі ад 3 да 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а тыя, што прызналі — па пяць гадоў абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Два прадпрымальнікі, якія давалі хабар, прызналі віну і былі асуджаныя на штрафы па 17 тысяч рублёў, яшчэ адна жанчына, якая нібы перадавала грошы ад аднаго боку другому, атрымала 3 гады «хатняй хіміі».
Шмат хто зь фігурантаў за кратамі ўжо больш за два гады. Суд цягнуўся ад ліпеня 2017 году. Большасьць абвінавачаных называлі справу сфабрыкаванай, заяўлялі пра пагрозы і зьдзекі з боку КДБ, фізычны і псыхалягічны ціск на іх.
Як піша Tut.by, на кожным судовым паседжаньні абвінавачаныя зьвярталі ўвагу суду на масу памылак і недакладнасьцяў у матэрыялах сьледзтва, адсутнасьць пераканаўчых доказаў злачынстваў (у тым ліку тое, што каля вёскі Селішча, дзе яны працавалі, няма мытнай мяжы Беларусі і Расеі, і ў іх амаль няма паўнамоцтваў).
БелаПАН адзначае, што ў абвінавачаньні трапляюцца фразы накшталт «у нявызначаным месцы ў нявызначаны час атрымаў ад нявызначанай асобы за праезд нявызначанага транспарту хабар». Пракуратура тлумачыць, што такая нявызначанасьць зьвязаная з даўніной падзеяў.