Напрыканцы мінулага тыдня КДБ Беларусі абвясьціў пра затрыманьне 19 чалавек зь ліку дзейных і былых супрацоўнікаў Ашмянскай мытні, якія арганізавалі «шырокамаштабную схему ўхіленьня ад выплаты мытных плацяжоў».
«Удзельнікі злачыннай групы за хабар, у парушэньне мытнага заканадаўства, ажыцьцяўлялі бесьперашкодны пропуск буйных партыяў розных тавараў празь Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску „Каменны Лог“. Сумы незаконнага грашовага ўзнагароджаньня складалі ад 250 да 3000 даляраў ЗША ў залежнасьці ад колькасьці перамешчаных грузаў. Адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячнае грашовае ўзнагароджаньне ў памеры 1000 даляраў ЗША ажыцьцяўляў прыкрыцьцё злачыннай дзейнасьці затрыманых, шляхам перадачы ім зьвестак пра плянаваныя ДМК Рэспублікі Беларусь праверачныя мерапрыемствы», — адзначаюць у КДБ.
Імёны і пасады затрыманых мытнікаў не выдаюцца, таксама як і дэталі гэтай справы.
Расейскі сьлед
Экс-сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак у інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што інфармацыю пра арышты на Ашмянскай мытні ён атрымаў ад сваіх крыніц яшчэ два тыдні таму, але нават не адразу паверыў у гэта. Ён проста ня мог узгадаць выпадку, калі б яшчэ адбываліся такія маштабныя арышты. «Для мяне гэта было неяк дзіўна», — прызнаецца праваабаронца.
«Як мне патлумачылі, гэта было зьвязана з расейскімі санкцыямі (маецца на ўвазе эмбарга Крамля на заходнія прадукты. — РС). Забаронены тавар пераганялі праз гэтую мытню ў Беларусь, тут ён распакоўваўся, і далей пераганялі ў Расею. Там ужо настолькі знахабіліся, што гэта выйшла за межы вузкага кола людзей», — кажа Воўчак.
У выніку правялі спэцапэрацыю, і ў адзін дзень практычна ўсіх удзельнікаў гэтай злачыннай групы арыштавалі.
«Але калі гэтая група доўга дзейнічала, то зноў паўстае пытаньне: што рабілі кантралюючыя органы? Або высокапастаўленыя чыноўнікі проста закрывалі вочы на гэта? Прапускаць такую кантрабанду на працягу значнага часу — то што гэта значыць: у нас уся мяжа прадажная? Дзе бясьпека эўрапейскай мяжы, пра што заўсёды кажа Лукашэнка, калі можна праганяць столькі тавару ў Беларусь? Бо можна ж так ня толькі эўрапейскія прадукты завозіць, можна завозіць і наркотыкі», — разважае праваабаронца.
На думку Воўчака, гэтая сытуацыя паказвае, што, нягледзячы на папярэднія крымінальныя справы супраць мытнікаў і кадравыя перастаноўкі, беларуская мытня застаецца «слабым зьвяном».
Воўчак нагадаў, што ў 2000-х гадах пракуратура разам са сьледчымі МУС распрацоўвалі вельмі шмат крымінальных спраў па карупцыі на мытні.
«Там таксама ішла кантрабанда з Эўропай вялікімі партыямі — мэбля завозілася, будматэрыялы, электраабсталяваньне і г.д. Потым гэтая схема была прыкрыта пракуратурай. Справу вяла Сьвятлана Байкова (сьледчая па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры. — РС), але ў судзе справа разглядалася за зачыненымі дзьвярыма, бо там, наколькі я ведаю, былі замяшаныя чыноўнікі высокага ўзроўню», — узгадвае ён.
Найбольш вядомая грамадзкасьці з гэтай сэрыі спраў — гэта справа мытнага пункту «Заходні Буг» або «справа Грамовіча», па якой да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 36 чалавек. Бальшыня зь іх былі службовымі асобамі мытні «Заходні Буг» (у тым ліку два намесьнікі начальніка мытні і начальнік паста) і ўпраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці (былыя намесьнік начальніка ўпраўленьня і начальнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй). Але суд у 2011 годзе амаль усім фігурантам вынес апраўдальныя прысуды. Справа атрымала ў мэдыях назву паводле прозьвішча арыштаванага тады былога дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Анатоля Грамовіча.
«Гэта толькі тое, што было ў прэсе, — тлумачыць Воўчак. — Але там было больш за два дзясяткі спраў, якія пайшлі ў суд — яны (справы. — РС) былі разьбітыя па пэўных фірмах, пэўных групах і г.д. Тады была праведзена досыць сур’ёзная праца. Але з 2006 году, калі пасадзілі Байкову (адразу знайшлі, што яна быццам „выбівала“ паказаньні), спынілася праца ў гэтым напрамку, бо не было ключавых сьледчых. І вось цяпер бачна, што кантрабанда нікуды ня зьнікла».
Мільён даляраў — пад ваннай, мільён — у прыбіральні
Актывіст з Ашмян Іван Сташкевіч расказаў Радыё Свабода: людзі ў раёне вераць, што КДБ арыштавала сапраўдных карупцыянэраў, і нават успрымаюць гэтая арышты не без злараднасьці. Хоць раней, паводле слоў Сташкевіча, размоў у раёне пра маштабную карупцыю на мытні ён ня чуў.
Цяпер наконт мытнікаў-карупцыянэраў ходзяць розныя чуткі: маўляў, адзін мытнік хаваў 1,4 мільёна даляраў пад ваннай, другі — 1,8 мільёна пад падлогай у прыбіральні, і г.д.
Зрэшты, гэтыя чуткі ўбудоўваюцца ў кантэкст таго, што паведаміў пра гэтую справу Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся з кіраўнічым складам Дзяржаўнага мытнага камітэту:
«Мне прадставілі фатаграфіі пры вобшуку вашых супрацоўнікаў — гэта жах! Гэта велізарны пакой, цалкам выкладзены пачкамі купюр па 10 тысяч даляраў кожная — там і кроку ступіць няма дзе. Гэта тое, што канфіскавалі. Ад КДБ я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў межах крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага датычны. І нават калі паводле закону ён нібыта не датычны, таму што там ёсьць адказныя асобы, але ён начальнік, ён павінен кантраляваць гэтыя пытаньні і працэсы — і тых мы на паверхню выцягнем».
Гэта велізарны пакой, цалкам выкладзены пачкамі купюр па 10 тысяч даляраў кожная — там і кроку ступіць няма дзе
Як паведамляе, у сваю чаргу, прэс-служба КДБ, па месцы жыхарства мытнікаў канфіскавана наяўных грошай на суму больш за 2,2 мільёна даляраў ЗША, арыштаваныя таксама аб’екты нерухомасьці і транспартныя сродкі асобаў, якія праходзяць па крымінальных справах.
Лукашэнка назваў сытуацыю на Ашмянскай мытні абуральнай і паведаміў, што «ў злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабісты склад мытнага паста «Каменны Лог».
«Хацелася б, каб нехта адказаў: чаму пры наяўнасьці дасьведчанага цэнтральнага апарату, сыстэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бясьпекі ў вас пад бокам сфармавалася такая банда?» — заявіў ён.
Атрымаць камэнтар да гэтай сытуацыі з боку Дзяржаўнага мытнага камітэту Радыё Свабода так і не ўдалося. Ці прывядзе цяперашні карупцыйны скандал да адставак высокапастаўленых чыноўнікаў у мытным камітэце, таксама незразумела.
Такіх маштабаў ніколі не было — Лябедзька.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў што справа ашмянскіх мытнікаў — гэта прыклад сыстэмнай карупцыі ў дзяржаўным апараце Беларусі.
«Гэта яшчэ адзін доказ, што за 20 апошніх гадоў у Беларусі створаная сыстэма, на якой карупцыя пачувае сябе як агурок на гідрапоніцы — вельмі камфортна. Такія маштабы нельга было нават блізка ўзгадаць ні ў савецкія часы ў Беларусі, ні, скажам так, у пераходны пэрыяд, да таго як быў уведзены інстытут прэзыдэнцтва. Тая заяўка, якая была зроблена Аляксандрам Лукашэнкам больш за 20 гадоў таму, што ён створыць эфэктыўную сыстэму па мінімізацыі карупцыі, — яна ня спраўдзілася. І гэта галоўны вынік больш як 20-гадовага кіраваньня. А тут капянулі толькі ў мытні — з такім жа посьпехам можна капянуць у будаўніцтве ці сельскай гаспадарцы, і паўсюль наткнесься на праявы карупцыі, прычым маштабнай, буйной. Гэта — сыстэма», — упэўнены палітык.