Для распрацоўкі мабільнай праграмы-караоке SPEV зь беларускімі песьнямі на сайце Ulej.by пачалі зьбіраць грошы.
Аўтары ідэі зьбіраюцца зрабіць cэрвіс платным, паводле часовай падпіскі. За 2 рублі прапануюць месяц карыстаньня, за 5 рублёў — паўгода, за дадатковыя ахвяраваньні — аўтографы музыкаў і магчымасьць сьпець зь імі ўжывую.
Грошы за выкарыстаньне праграмы абяцаюць разьмеркаваць між аўтарамі песень «у залежнасьці ад частаты карыстаньня» іхнай музыкай.
Праграма зможа ня толькі прайграць музыку і падказаць тэкст, але і прааналізаваць, наколькі добра сьпеў карыстальнік, выставіць балы за выкананьне, запісаць аўдыё і відэа выкананьня як аднаго карыстальніка, так і да 6 карыстальнікаў «хорам» з розных апаратаў.
Распрацоўшчыкі сьцьвярджаюць, што атрымалі згоду на выкарыстаньне больш як 300 песень — засталося сабраць 25 тысяч рублёў на стварэньне прыкладаньня. Запіс трэкаў-«мінусовак» ужо зроблены.
Ідэю праекту падтрымалі сьпевакі Лявон Вольскі, Аляксандар Саладуха, Аляксандар Патліс, гурты «Дай дарогу!», «Крама», Naviband, Neuro Dubel, «Палац» і іншыя, анансаваныя таксама сьпевы гуртоў «Песьняры», «Ляпіс Трубяцкі», Iowa і J:Mors, рэпэра Макса Каржа.
Гэта ня першая спроба стварыць «беларускае караоке»: у 2010 годзе партал Tut.by ладзіў праект пад такой назвай зь песьнямі з альбому Вольскага «Белая яблыня грому».