ААН працягнула мандат адмысловага дакладчыка па Беларусі насуперак жаданьню беларускіх уладаў
Рада ААН у пытаньнях правоў чалавека працягнула на год мандат адмысловага дакладчыка ў правах чалавека ў Беларусі, перадае БелаПАН.
Супраць працягу мандату выступілі, Балівія, Бурундзі, Вэнэсуэла, Індыя, Кітай, Куба, Філіпіны і Эгіпет, «за» прагаласавалі 18 краінаў — сяброў Рады, устрымалася 21 краіна. Раней з прапановай скасаваць мандат выступалі Беларусь і Расея.
Рада «пастанаўляе падоўжыць на адзін год мандат адмысловага дакладчыка ў пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» і просіць прызначанага даць новую справаздачу на 38-й сэсіі Рады і на 73-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Таксама ў дакумэнце заклікаюць улады Беларусі супрацоўнічаць з дакладчыкам у поўнай меры, дазволіць яму наведаць краіну, каб «дапамагчы ўраду ў выкананьні яго міжнародных абавязаньняў у галіне правоў чалавека», і разглядзець пытаньне аб выкананьні яго рэкамендацыяў«.
Харасьці — пра новы цыкль рэпрэсіяў у Беларусі
Ад 2012 году пасаду дакладчыка па Беларусі займае Міклаш Харасьці. Але афіцыйны Менск адмаўляецца зь ім супрацоўнічаць і не пускае ў Беларусь. Вярхоўны камісар ААН раскрытыкаваў Беларусь за адмову прызнаць мандат дакладчыка.
Рада адзначае «нязьменную занепакоенасьць» правамі і асноўнымі свабодамі беларусаў, асабліва ў галіне мірных сходаў, свабоды асацыяцыяў і выказваньня думак — у тым ліку з нагоды рэакцыі беларускіх уладаў на мірныя пратэсты лютага-сакавіка 2017 году.
Your browser doesn’t support HTML5
Таксама Раду непакояць паведамленьні пра катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне праваахоўнікаў і турэмнікаў, якія не былі належным чынам расьсьледаваныя ўладамі, працяг рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, арышты журналістаў і розныя іншыя замахі на свабоду выказваньня думак, фактам ужываньня сьмяротнага пакараньня.
Беларусь заклікаюць правесьці ўсёабдымны перагляд адпаведнага заканадаўства і палітыкі, каб былі вызначаныя нормы, адпаведныя міжнародным абавязаньням Беларусі, і каб гэтыя нормы не выкарыстоўваліся для перашкодаў або абмежаваньняў любых правоў чалавека.
Таксама Рада вітае тое, што беларускія ўлады прынялі плян у рэалізацыі рэкамэндацыяў у галіне правоў чалавека, але заклікае гэты плян пераглядзець і дапоўніць рэкамэндацыямі праваабарончых мэханізмаў з улікам прапановаў грамадзянскай супольнасьці.
Праз падзеі лютага-сакавіка 2017 году Рада заклікае ўлады Беларусі забясьпечыць незалежнасьць і бесстароннасьць судовых органаў, гарантаваць права на справядлівы суд і права на эфэктыўны перагляд прысудаў, забясьпечыць усім права на свабодны выбар адваката на ўсіх этапах разбору.