Хто ў Эўропе імкнецца да незалежнасьці?

Артур Мас падчас канфэрэнцыі ў Барсэлёне, 25 лістапада 2012

Артур Мас, лідэр Саюзнага альянсу, партыі якая зараз кіруе ў Каталёніі, заявіў, што ў выпадку перамогі на чарговых рэгіёнальных выбарах, будзе дамагацца поўнай незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі.

У сваю чаргу ў мінулым месяцы парлямэнт Гішпаніі забараніў правядзеньне рэфэрэндуму аб незалежнасьці ў паўночнай частцы правінцыі. Прадстаўнікі цэнтральнага ўраду падкрэсьліваюць, што Канстытуцыя каралеўства не прадугледжвае выхаду са складу дзяржавы якіх-небудзь яе частак.
Між тым паводле апытаньняў прыблізна палова каталёнцаў выступаюць за ўтварэньне незалежнай дзяржавы.

Каталёнскі марш за незалежнасьць, 12верасьня 2012

Каталёнія мае сваю ўласную мову і самабытную культуру, яна налічвае 7.5 мільёнаў жыхароў. Законы правінцыі патрабуюць, каб настаўнікі, лекары і работнікі дзяржаўнага сэктара выкарыстоўвалі каталёнскую афіцыйную мову разам з гішпанскай.

Эканамічны крызіс абвастрыў палітычны канфлікт паміж Мадрыдам і Барсэлёнай, палітыка жорсткай эканоміі цэнтральнага ўраду узмацніла сэпаратысцкія настроі. Праўда, менавіта Каталёнія зьяўляецца адным з самых багатых рэгіёнаў краіны, але і яе запазычанасьць перад Мадрыдам адна з самых высокіх. Аднак да гэтага ў мінулыя выходныя ўрад Гішпаніі паведаміў, што Каталёнія атрымае ў хуткім часе 3.3 мільярды даляраў для пагашэньня запазычанасьці.

Памкненьні да незалежнасьці маюць месца і ў Краіне Баскаў, яшчэ адным рэгіёне Гішпаніі. Краіна Баскаў, у адрозьненьні ад большасьці з 17ці правінцый Гішпаніі, пасьпяхова вядзе эканамічную палітыку і не мае патрэбы ў дапамозе ад цэнтральнага ўраду. Як і каталёнцы, баскі маюць уласную мову і культуру, насельніцтва рэгіёну складае крыху больш за 2 мільёны чалавек.
У Краіне Баскаў ёсьць уплывовыя палітычныя сілы, якія дамагаюцца яе адддзяленьня ад Гішпаніі. Экстрэмісцкая сэпаратысцкая групоўка ЭТА, якая дзесяцігодзьдзямі практыкавала гвалт для дасягненьне сваіх мэтаў, у кастрычніку летась заявіла аб канчатковым спыненьні ўзброенай барацьбы.
Варта адзначыць, што Гішпанія — адна з нешматлікіх краін Эўразьвязу, якая дагэтуль не прызнала незалежнасьці Косава.

Сярод краін Эўразьвязу ёсьць яшчэ прынамсі тры, якія маюць рэгіёны з большай ці меншай прагай да незалежнасьці.

У мінулым месяцы падчас візыту брытанскага прэм’ера Дэвіда Кэмэрана ў Шатляндыю былі канчаткова ўзгодненыя ўмовы правядзеньня ў Шатляндыі рэфэрэндуму аб незалежнасьці. Шатляндыя зьяўляецца часткай Аб’яднанага Каралеўства 305 гадоў, у рэгіёне жыве 5.2 мільёны чалавек. Пасьля перамогі на апошніх лякальных выбарах Шатляндзкай нацыянальнай партыі памкненьні да незалежнасьці ў рэгіёне вырасьлі.
​Паўночная частка Бэльгіі — Фляндрыя — мае насельніцтва ў 6.2 мільёны чалавек. Сталіца краіны Брусэль таксама знаходзіцца ўва Фляндрыі. Фляндрыя атрымала высокую ступень аўтаноміі у 80-90-х гадах мінулага стагодзьдзя, падчас фэдэралізацыі краіны паводле моўнай прыкметы. Урад Фляндрыі мае вялікія паўнамоцтвы ў такіх сфэрах, як сельская гаспадарка, транспарт і зьнешні гандаль. Фляндрыя больш пасьпяховы рэгіён Бэльгіі, чым паўднёвая франкамоўная Валёнія, ўзровень беспрацоўя на паўначы краіны ўдвая ніжэй, чым на поўдні.


Партыя «Паўночная ліга» ў Італіі, створаная ў 90-х гадах, мела на мэце аддзяленьне больш эканамічна пасьпяховых паўночных рэгіёнаў краіны ад больш беднага поўдня. Была прыдуманая нават назва для будучай краіны — Паданія. Ліга — адзін з самых уплывовых палітычных гульцоў на італьянскай палітычнай арэне, яна неаднойчы ўваходзіла ў склад ураду краіны. Зараз Паўночная ліга — адзін з самых жорсткіх апанэнтаў палітыкі эканоміі прэм’ера Марыё Монці і адзін з самых рэзкіх крытыкаў Эўразьвязу.