Сонечная электрастанцыя магутнасьцю 2,5 мэгавата пачала працаваць у Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласьці. Гэта ўжо другая сонечная электрастанцыя на тэрыторыі раёну.
Новая сонечная электрастанцыя разьмясьцілася на тэрыторыі былога вайсковага аэрадрома пад Шчучынам, перадае БЕЛТА. Узводзіла яе ТАА «Логан-Энэрга», аб’ём інвэстыцыяў склаў каля 50 мільёнаў дэнамінаваных рублёў.
Па словах Сяргея Ложачніка, старшыні Шчучынскага райвыканкаму, гэта ня першая сонечная станцыя на тэрыторыі раёну. Тут ужо працуе электрастанцыя на 1,6 МВт у вёсцы Ражанка.
«У нашай кліматычнай паласе дастаткова сонечных дзён, каб зрабіць працу падобных станцыяў эфэктыўнай», — сказаў Ложачнік.
Ён падкрэсьліў, што сёньня інвэстары цікавяцца далейшым разьвіцьцём альтэрнатыўнай энэргетыкі ў Шчучынскім раёне. Пад новыя сонечныя электрастанцыі выдзеленыя яшчэ два ўчасткі.
«Важна, што гэтыя аб’екты займаюць не сельгасугодзьдзі, пад іх разьмяшчэньне выдзяляюцца няўдобіцы, багністая мясцовасьць альбо, як у выпадку з гэтай станцыяй, тэрыторыя былога вайсковага аэрадрома», — сказаў Ложачнік.
Як адзначыў Сяргей Ложачнік, альтэрнатыўная энэргетыка разьвіваецца і ў іншых сфэрах. Швайцарская кампанія, якая будуе свінакомплекс у Шчучынскім раёне, усе дахі плянуе пакрыць сонечнымі батарэямі.