Судзьдзя Буда-Кашалёўскага раённага суду Ўладзімер Пракапенка аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылансэра Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (805 рублёў) за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканалу «Белсат», перадае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
«Суд быў яшчэ 3 жніўня, а я толькі даведаўся пра штраф. Сакратарка тлумачыла, што мне нібыта дасылалі SMS-паведамленьне, якога я насамрэч не атрымліваў. Копію адміністрацыйнага пратаколу даслалі зь міліцыі, і я сам патэлефанаваў у суд, каб даведацца, калі прызначана судовае паседжаньне. Аказваецца, ужо аштрафавалі», — кажа Жукоўскі.
У чэрвені Жукоўскі з калегам запісалі меркаваньні жыхароў вёскі Краснагорск Буда-Кашалёўскага раёну, якія, жывучы побач са сьвінакомплексам, пакутуюць ад невыноснага смуроду. На Жукоўскага склалі пратакол. Старшы лейтэнант міліцыі Аляксандар Антоненка абвінаваціў фрылансэра ў парушэньні часткі 2 артыкула 22.9 КаАП:
«Жукоўскі, ня маючы акрэдытацыі на ажыцьцяўленьне прафэсійнай дзейнасьці журналістаў замежных СМІ, ажыцьцявіў інтэрвіюіраваньне жыхароў вёскі Краснагорск Буда-Кашалёўскага раёну (называюцца тры прозьвішчы), пасьля чаго матэрыял быў прадэманстраваны на тэлеканале польскага спадарожнікавага тэлебачаньня «Белсат», — напісаў міліцыянт у пратаколе.