МНС Менску заклікала грамадзянаў, якія атрымалі СМС пра ўборку сьнегу, не тэлефанаваць на нумар экстранай сувязі 101.
Прэсавы сакратар МНС Менску Віталь Дэмбоўскі прысьвяціў гэтаму два твіты.
У адным ён зьвяртаецца да СМІ: «Папрасіце людзей, якія атрымалі СМС з просьбай пра ўборку сьнегу, не тэлефанаваць на лінію 101! Гэта вельмі перашкаджае прымаць рэальныя выклікі».
Празь дзьве гадзіны прадстаўнік МНС Менску зноў напісаў у твітэры, зьвяртаючыся да СМІ: «Яшчэ раз вымушаны біць трывогу! Больш за 5000 тэлефанаваньняў на 101! Зь іх больш за 4000 дакладна па СМС! Не займайце лініі экстранай сувязі!»
14 студзеня абанэнты мабільных апэратараў пачалі атрымліваць паведамленьні з просьбай прыбіраць сьнег:
«Пераканаўча просім прыбраць сьнег каля машынамесцаў і ў дварах. Гарвыканкам».
Паведамленьні ішлі са схаванага нумара, падпісанага як «101» альбо «M4C-101».
У афіцыйным твітэры Міністэрства надзвычайных сытуацыяў пацьвердзілі, што задзейнічалі SMS-апавяшчэньне.