«Малады фронт» зьбірае экскурсію па мясьцінах Слуцкага збройнага чыну — антысавецкага паўстаньня 1920 году. 25 лістапада прапануюць зьезьдзіць у Вызну, Грозаў, Семежава і Слуцак.
Экскурсія прымеркаваная да пачатку паўстаньня — першыя баі з савецкімі войскамі пачаліся 26 лістапада 1920 году. Ушаноўваць памяць паўстанцаў будуць таксама на мітынгу ў Слуцку, дазвол на які атрымалі Партыя БНФ і рух «За свабоду». Збор на мітынг — каля кінатэатру «Беларусь» а 14:30, пасьля дэманстрацыя пойдзе да Цэнтральнага парку. Летась такая дэманстрацыя таксама была дазволеная і адбылася безь перашкодаў.
У Слуцку, як адзначае лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, традыцыйна пройдзе прыняцьце прысягі «маладафронтаўцаў» Беларусі.
«Бяз тых людзей, якія прыносілі сябе ў ахвяру Беларусі на пачатку ХХ стагодзьдзя не было бы нашай незалежнай Беларусі, — кажа Свабодзе Дашкевіч пра слуцкіх паўстанцаў. — Яны разумелі, наколькі цяжка будзе змагацца, ні ў каго не было ілюзіяў, што заўтра ж пачнуць жыць у вольнай і незалежнай краіне.
Быў такі лёзунг вышыты на адным са сьцягоў: „пайшлі паміраць, каб жыла бацькаўшчына“. Такія глыбокія словы сьведчаць, што людзі цьвяроза ўсьведамлялі, што яны ахвяруюць сваім жыцьцём у імя таго, каб калісьці бацькаўшчына жыла. І вось прыйшоў той дзень у рэшце рэшт, калі Беларусь хоць умоўна, але мае незалежнасьць. Тое, што мы будуем сёньня, усё робім на падмурку тых людзей. Немагчыма не шанаваць іхны вычын, іхнюю ахвяру».