Брак — гэта калі нечага не стае (бракуе), а таксама ‘хіба, дэфэкт’. Увага! У Беларусі брак з шлюбам нічога супольнага ня мае ;-) ВІДЭА
Беларускае слова брак найперш азначае ‘недахоп, нястача’. Старадаўні германізм з паходжаньня. Бракаваць — тое самае, што ‘не хапáць’:
Вечны брак часу. Яму бракуе грошай. Ёй толькі птушынага малака бракуе.
Брак = ‘хіба, дэфэкт’ — адсюль жа. Калі рэчы бракуе якасьці або важнай дэталі — яна і ёсьць бракаваная. (Хто вырабляе бракаванае — у нармальных умовах банкрутуе!)
Але беларускае слова брак зусім не пра гэты дом. Народная песьня нагадвае:
Да дубу, зязюлька, да дубу,
Час табе, Настулька, да шлюбу.
Тут бяруць шлюб; сюды ідуць пабрацца шлюбам, пашлюбавацца.
Расейскі царкоўнаславянізм „бракосочетание“ таксама адпавядае беларускаму шлюб. Бо шлюб — гэта і рытуал ды юрыдычны акт, і сямейны зьвяз.
Ну а калі хочам назваць падзею асабліва ўрачыста — маем слова шлюбавіны. Раней перш былі заручыны, а ўжо тады шлюбавіны.
Зьлюб, сьлюб, шлюб у нас слова старажытнае. Корань — любіць. Азначала палюбоўнае пагадненьне, дамоўленасьць, у тым ліку шлюбную. Цяперашняе гучаньне замацавалася пад уплывам польскага ślub (параўн. беларускія і польскія германізмы: шруба, шрот — śruba, śrut).
А выраз „шлюб законны“ некалі быў значна больш суворы, бо азначаў пастрыжэньне ў манахі...
У расейскай мове два словы „брак“ — і зусім розныя. Адно кепскае — пра вытворчую хібу, а другое добрае — пра зьвяз двух сэрцаў. Адсюль слоўныя гульні пра „бракодела“ і падобныя.
У беларускай такой праблемы няма. Зрэшты... Шлюбу можа перашкодзіць акурат брак. Прыкладам, брак рашучасьці: баіцца ён ёй прапанаваць шлюб.
Славуты лексыкограф ХІХ стагодзьдзя Іван Насовіч запісаў такі прыклад народнай мовы:
„Дзевак у нас бракуе, а хлапцоў досыць“.
Вось жа каб вам для шлюбу ды ў шлюбе нічога і нікога не бракавала.