Актывіст са Славянску — беларусам: «Вы Пуціну мазгі ня ўставіце — устаўляйце мозг сваім людзям»

Акупаваны Славянск у траўні 2014-га

Да другой гадавіны пачатку вайны на Данбасе Свабода ўзяла інтэрвію ў жыхара Славянску, кіраўніка мясцовай грамадзкай арганізацыі «Славянская Сеч» Васіля Хаменкі.

Два гады таму, 12 красавіка 2014 году, узброеныя атрады расейскага палявога камандзіра Ігара Стралкова-Гіркіна захапілі горад Славянск. Менавіта гэты дзень прынята лічыць пачаткам вайны на Данбасе.

15 красавіка ўкраінскія сілавікі ўпершыню паспрабавалі выбіць баевікоў са Славянску і Краматорску з ужываньнем бранятэхнікі, але атака правалілася. Славянск быў вызвалены ўкраінскімі вайскоўцамі толькі 5 ліпеня 2014 году.

Свабода пагутарыла з кіраўніком мясцовай грамадзкай арганізацыі «Славянская Сеч» Васілём Хаменкам пра тое, як зьмяніўся Славянск і якія высновы трэба зрабіць з тых трагічных падзей двухгадовай даўнасьці.

Васіль Хаменка

— Два гады таму ў Славянск прыйшла вайна. Калі параўноўваць жыцьцё ў горадзе сёньня і жыцьцё ў горадзе да гэтых падзей, то што зьмянілася? Ці адчуваецца ў Славянску, што тут яшчэ нядаўна была вайна?

— Гэта адчуваецца толькі тымі людзьмі, якія займаюцца дапамогай фронту, валянтэрствам і г.д. Таму што вайна ня проста была — вайна ж працягваецца. А ёсьць людзі, якім толькі да вечара дажыць ды футбол паглядзець — і ня важна, што будзе заўтра. Вось для такіх людзей вайна скончылася. Для іх вайна — гэта толькі калі снарады на іх галаву падаюць, а калі вайна за 100 кілямэтраў, то гэта і не вайна. На жаль, шмат такіх людзей і ў кіраўніцтве гораду і вобласьці. У нас жа ва ўладу прыйшлі тыя ж былыя рэгіяналы, у якіх мозг працуе толькі на тое, як скрасьці.

Хоць нельга сказаць, што пазытыўных зьменаў зусім няма. Калі б іх не было, то ў нас бы саміх рукі апусьціліся. Усё ж такі зьяўляюцца новыя моладзевыя ініцыятывы, зьяўляецца больш актыўных людзей, якія лічаць, што будучыня залежыць ад іх. І мы стараемся змагацца з тымі, што прадаюць свае галасы, з тымі, што прыходзяць у выканкамы і становяцца такія самыя, як і папярэднікі. То бок мяняць трэба саму сыстэму, але сыстэма супраціўляецца.

Сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны ў чэрвені 2014-га

Сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны на 15 красавіка 2016

— То бок усё ж такі пэўны ўсплёск грамадзянскай актыўнасьці назіраецца. Ваша арганізацыя «Славянская Сеч» таксама зьявілася ўжо пасьля вызваленьня гораду?

— Менавіта так. Сам я расеец па нацыянальнасьці: нарадзіўся і да 6 гадоў жыў у Расеі. Але маці мая марыла жыць ва Ўкраіне, і калі мне было 6 гадоў, мы пераехалі ва Ўкраіну. І цяпер я шчасьлівы, што жыву ва Ўкраіне.

Я працаваў кіроўцам, за 25 гадоў аб’езьдзіў палову Расеі, аб’езьдзіў усю Ўкраіну. І жыў я як душа жадае да вайны. Але калі пачалася вайна, калі я пажыў пад абстрэламі, калі я (а я быў прыватным прадпрымальнікам) зразумеў, што ў мяне няма ўжо ні бізнэсу, ні будучыні... Я цяпер разумею, наколькі Ўкраіна далёка адышла ад Расеі. Вядома, не ў матэрыяльным пляне, а ў пляне духоўнай свабоды.

Славянск, чэрвень 2014-га

— Калі два гады таму Славянск быў захоплены атрадам Стралкова-Гіркіна, ці была ў яго падтрымка сярод мясцовых жыхароў?

— Трэба разумець, што Славянск ня быў захоплены, ён быў здадзены. Ведаеце, нядаўна ў інтэрнэце зьявіліся відэаролікі з тых падзей, якіх нават я ня бачыў. Там людзі абураюцца, пытаюцца: а чаго вы гараддзел міліцыі захапілі? Вы што, на выклікі будзеце езьдзіць, калі людзі будуць выклікаць міліцыю? То бок — людзі абураліся. Але не хапіла актыўных людзей, каб проста «засунуць» гэтых 40 чалавек, якія там былі. Калі б народ тады сказаў рашучае «не», то, можа, нічога б гэтага не было. А так — змаладушнічалі. Вырашылі, што бяз нас разьбяруцца. Вось гэтае саўдэпаўскае выхаваньне — маўляў, ад мяне нічога не залежыць — яно адыграла сваю ролю.

А захопу не было, гэта быў цырк. Неля Штэпа (мэр Славянску ў 2010–2014 гадах. Пасьля вызваленьня гораду супраць яе была распачата крымінальная справа за падтрымку сэпаратыстаў, цяпер ідзе суд. — РС) загадзя ўсім казала, што ідуць сюды бандэраўцы, усіх рэзаць і забіваць будуць, нам трэба нешта рабіць, падымаць людзей. Мы лічылі гэта трызьненьнем вар’ята, але гэтае трызьненьне вылілася ў трагедыю. А тое, што тут ад самага пачатку былі расейцы, яны рыхтаваліся — тут няма ніякіх сумневаў, бо я сам расеец і разумею акцэнт.

Я тады, 12 красавіка, хадзіў ля гараддзелу і бачыў тых 20-гадовых хлопцаў пад 2 мэтры ростам з аўтаматамі. І відаць было, што яны адзін аднаго кантралююць, яны не мітусяцца — гэта значыць, быў бачны сур’ёзны падыход, відаць было, што гэта ня проста мясцовыя бандыты.

— Такім чынам, наколькі я разумею, большасьць жыхароў Славянску заставаліся нэўтральнымі падчас гэтых падзей і стараліся ня ўмешвацца ў сытуацыю?

— Зусім правільна. Калі казаць пра тых, хто актыўна падтрымліваў бок Стралкова, то я не скажу, што там усе былі наркаманы і алькаголікі, але большасьць.

Хоць частка нашых прадпрымальнікаў таксама падтрымала Стралкова. Ну вось прыйшлі да яго з аўтаматам, ён спалохаўся — падумаў, вось чорт, напэўна, будзе гэтак жа, як і з Крымам. Вось яны і вырашылі прыняць бок людзей са зброяй, легчы пад іх. Хтосьці дапамагаў матэрыяльна, хтосьці яшчэ нейкім чынам нешта арганізоўваў. А цяпер яны бегаюць, баяцца, што іх будуць перасьледаваць. Больш-менш адукаваныя людзі, якія разумеюць, што іх проста падманулі, але прызнацца ў гэтым цяжка.

Сямёнаўка, ліпень 2014-га

— Ці засталіся ў Славянску зьнешнія сьляды вайны?

— Вядома. Сямёнаўка (пасёлак у прыгарадзе Славянску. — РС) яшчэ разбомбленая стаіць. Там ішлі вялікія баі, і там ёсьць такія дамы, якія прасьцей зьнесьці, чым аднаўляць. Там быў перакрыжаваны агонь з трох бакоў. Трэба ж разумець, што дзеля таго, каб выціснуць з гораду стралкоўцаў, украінскай арміі прыходзілася іх абстрэльваць. І ў самым канцы яны з боку Нікалаеўкі, з боку Сямёнаўкі вельмі шчыльна кальцо сьціскалі і абстрэльвалі Стралкова. А яны ж там акапаліся, у іх агнявыя кропкі і ў вокнах жылых дамоў былі. А трапіць з гарматы зь некалькіх кілямэтраў у трэцяе акно зьлева і каб пры гэтым не пацярпелі мірныя жыхары — гэта практычна немагчыма. А ўкраінская армія бамбіла ў асноўным толькі тыя месцы, дзе стралкоўцы займалі дамы — будынак СБУ, купецкі дом, клюб чыгуначнікаў і г.д. Выведка ж усё ведала, дзе яны знаходзіліся, дый нашы людзі самі падчас акупацыі тэлефанавалі на блёкпасты і папярэджвалі, дзе знаходзіцца тэхніка баевікоў.

— Гадавіна вызваленьня Славянску 5 ліпеня, наколькі я ведаю, адзначаецца ў горадзе на афіцыйным узроўні. А як ставяцца да гэтай даты звычайныя жыхары? Яны сапраўды ўспрымаюць гэты дзень як сьвята?

— Патрыёты ўспрымаюць менавіта як сьвята. Але колькі іх? Людзей з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй у горадзе — ну, чалавек 300–400. Мы штотыдзень праводзім гарадзкое веча, туды прыходзіць пастаянна чалавек 100 (гэта не адны і тыя ж людзі, яны мяняюцца). Ну, колькасьць у выніку залежыць ад таго, наколькі грыміць вайна — чым мацнейшыя абстрэлы на фронце, тым больш актыўныя людзі. Чым цішэй, тым больш людзі ўспамінаюць пра свае хатнія справы. Цяжка данесьці да людзей, што вайна за 100 кілямэтраў, што гэта наша вайна, а не чужая, і ў любы момант яна можа прыйсьці сюды. На жаль, людзі думаюць, што ўсё дрэннае здарыцца ня зь імі, што да іх гэта не прыляціць.

А што да сьвяткаваньня на афіцыйным узроўні, то на самай справе наша кіраўніцтва гэты дзень сьвятам ня лічыць. Гэта больш ініцыятыва Кіева і мясцовых патрыётаў.

Паваенны Славянск. 7 ліпеня 2014

— Што павінны рабіць беларусы, каб зь імі ня здарылася тое ж самае, што здарылася на Данбасе? Што б вы параілі?

— Ведаеце, калі была вайна ў Грузіі, у нас шмат хто думаў, што гэта грузіны вінаватыя, што гэта яны там нахабнічаюць. А цяпер, відаць, значная частка беларусаў лічыць, што гэта ўкраінцы там нешта прыдумалі са сваёй рэвалюцыяй і вось так зараз атрымалася. Але, на жаль, як паказвае жыцьцё, усе гэтыя войны ідуць па коле вакол Расеі — і ня дай Бог, каб вам давялося сутыкнуцца з гэтым. А каб гэтага не было — старайцеся даносіць да людзей, што трэба любіць радзіму, трэба мець актыўную грамадзянскую пазыцыю. Вы зразумейце, вы Пуціну мазгі ня ўставіце — вы ўстаўляйце мозг сваім людзям. Тым, якія прадаюць свае галасы, якія ня хочуць удзельнічаць у грамадзкім жыцьці. Грамадзкага жыцьця на самай справе не бывае — гэта ўсё іх асабістае жыцьцё. Атрымліваецца, што людзі ня хочуць удзельнічаць не ў грамадзкім жыцьці, а ў жыцьці сваім і сваіх дзяцей.

Вось ня ведае чалавек, за каго галасаваць, а потым у акопах гінуць ягоныя дзеці. Бесталковае галасаваньне за каго-небудзь, або галасаваньне «за грэчку» — яно ў выніку прыводзіць да гібелі людзей. І вельмі кепска, што мы не разумеем сваёй адказнасьці. Вось гэта трэба данесьці да людзей, каб яны зразумелі, што ўладу трэба кантраляваць, што ўсё ў краіне павінна быць празрыста.

А наагул мы ўсе браты — і беларусы, і ўкраінцы. Дый расейцы нам ня ворагі. Наш вораг — гэта Крэмль.