У арганізатаркі фэсту бардаўскай песьні «Талька-2017» Натальлі Ільлініч узялі тлумачэньні па факце крадзяжу дзяржаўнай маёмасьці. Паводле грамадзкай актывісткі, яе апытвалі двое супрацоўнікаў Сьледчага камітэту. Яны і паведамілі пра крымінальную справу, заведзеную пасьля заявы Пухавіцкага лясгасу.
Талькаўскі фэст прайшоў 1 кастрычніка. Яго ўдзельнікі заўважалі на дрэве відэакамэру. Яна была прымацаваная такім чынам, каб здымаць паляну, на якой адбывалася імпрэза. Фатаздымкі зь яе былі выкладзеныя ў інтэрнэт.
Па словах Натальлі Ільлініч, нехта з удзельнікаў фэсту забраў камэру сабе. На наступны дзень Натальлі патэлефанавалі з Талькаўскага лясьніцтва і папрасілі вярнуць прыстасаваньне, прыгразіўшы крымінальным перасьледам. Камэру жанчыне ўдалося адшукаць і аддаць лясьніцтву. Дарогай яе перастрэлі апэратыўнікі Сьледчага камітэту.
«Яны ўзялі ў мяне тлумачэньні, як у мяне апынулася камэра, — казала журналісту Свабоды Натальля Ільлініч. — Я даводзіла, што лясьніцтва запэўнівала: калі камэру вернуць, то справы ня будзе. На гэта яны адказалі, што нічога ўжо нельга зьмяніць. Будуць высьвятляць усіх удзельнікаў фэсту і іх таксама апытваць, каб выкрыць зламысьнікаў».
Паводле Натальлі, у лясьніцтве ёй заявілі, што камэра была вернутая позна, таму Пухавіцкі лясгас, якому яна належыць, і падаў заяву ў сьледчыя органы.
На думку арганізатаркі фэсту, камэру маглі ўсталяваць лесьнікі на заданьне спэцслужбаў, каб сачыць за тым, што адбываецца на сьвяце беларускай бардаўскай песьні. Натальля адзначае, што раней, каб сарваць фэст на беразе ракі Талі, выкарыстоўваліся правакацыі, але не было заўважана, каб усталёўваліся сродкі назіраньня.
Натальля Ільлініч спадзяецца, што справа не прывядзе да крымінальнага перасьледу ўдзельнікаў фэсту. Па яе словах, хлопцы, якія забралі камэру, ёй незнаёмыя. Яны, кажа арганізатарка фэсту, прыехалі на імпрэзу пазьней за іншых і заставаліся на паляне, калі ўжо ўсе разышліся.
У Талькаўскім лясьніцтве Свабодзе адразу пасьля інцыдэнту патлумачылі, што камэру павесілі, каб сачыць за засьмечваньнем лесу. У прэсавай службе КДБ ня сталі камэнтаваць гісторыю зь відэакамэрай на талькаўскім фэсьце.
У Пухавіцкім лясгасе пацьвердзілі, што 3 кастрычніка падалі заяву ў раённы аддзел міліцыі па факце крадзяжу, зьнікненьня відэакамэры. Карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што прыстасаваньне не было вернута ў вызначаны час, таму і зьвярнуліся ў міліцыю.